Аўторак, 10 Май 2022 20:09

Прамова Генеральнага настаяцеля Дона Анхеля Фярнандеса Арціме

Аўтар

СВЯТЫ ДОБРЫ САМАРАНІН SDB

Арцемій Дзацці будзе абвешчаны святым. У салезіянскай сям’і, у аргентынскім касцёле, асабліва ў дыяцэзіі Вьедма ў Італіі, у яго родным горадзе Барэтта і дыяцэзіі Рэджо–Эміліо пануе вельмі ўзнёслая атмасфера. 

Дарагія сябры штомесячніка “Салезіянскі бюлетэнь” і дона Боско, скрозь змрочныя думкі гэтага часу, пазначанага пандэміяй і, перш за ўсё, шматлікімі войнамі, асабліва той, што адбываецца ва Украіне, якія прыносяць смерць, боль і разбурэнне, – прабіваецца светлы прамень надзеі. Маю вельмі добрую навіну. Каталіцкі Касцёл афіцыйна вызнае і пацвярджае святасць салезіяніна “з канца свету” – Арцемія Дзацці. 

    Наш улюбёны святы Дзацці з’яўляецца цудоўнай асобай, прыкладам святасці, што была здабыта ў штодзённасці, у прастаце, у пакорнай і ветлівай паслузе, асабліва хворым. Ён увасобіў у сабе сэрца дона Боско і багацце салезіянскай харызмы. Ён адлюстроўвае найбольш чалавечны і любячы аспект салезіянскай сям’і. 

    Арцемій Дзацці меў вялікае, любячае сэрца, якое зведала шмат пакутаў. Ён добра ведаў, што такое беднасць, эміграцыя, крохкасць і хвароба. Пазнаў таксама сумнівы і цяжкія рашэнні, уключаючы і рашэнне застацца з донам Боско, каб у поўні пражыць сваё пакліканне салезіяніна каад’ютара.

    Як чалавек адказны за бальніцу ў Сан–Хасе–де–Вьедма ён пашыраў кола пацыентаў, аб’язджаючы на сваім ровары ўсіх хворых горада, асабліва яго найбяднейшыя раёны. Ён распараджаўся грашыма, але яго жыццё было вельмі бедным. Збіраючыся ў Італію на кананізацыю дона Боско, быў вымушаны пазычыць і гарнітур, і капялюш, і валізу. 

    Яго любілі і паважалі хворыя, яго любілі і паважалі і дактары, якія яму цалкам давяралі і падпарадкоўваліся яго ўплыву, крыніцай якога была яго святасць: “Калі я з Дзацці, для мяне немагчыма перастаць верыць у Бога!”, - усклікнуў аднойчы доктар, які незадоўга да гэтага абвяшчаў сябе атэістам. Для Дзацці кожны хворы з’яўляўся самотным Езусам. Калі аднойчы кіраўніцтва яму парадзіла не прымаць болей за 30 пацыентаў, ён прашаптаў у адказ: “А што, калі 31 пацыентам будзе сам Езус?”

    Сведчанне Арцемія, як сапраўднага міласэрнага самараніна, міласэрнага як Айцец, было місіяй і стылем, якім ён злучаў усіх, хто ў якісьці спосаб быў звязаны з бальніцай: дактароў, медыцынскіх сясцёр, сядзелак, што былі каля хворых, законных сясцёр і добраахвотнікаў, што прысвячалі свой час служэнню хворым. Ён уважліва выслухоўваў пацыентаў, іх гісторыі, турботы і страхі. Ведаў, што нават калі хваробу немагчыма перамагчы, заўсёды можна паклапаціцца, суцешыць, даць адчуць блізкасць, якую мы праяўляем праз клопат аб чалавеку, які сутыкнуўся з хваробай. 

    Ва ўсім і заўсёды быў салезіянінам каад’ютарам, то бок не святаром. Пакліканне свецкага салезіяніна з’яўляецца часткай твару, які хацеў надаць дон Боско салезіянскай кангрэгацыі. Дон Боско выразна прамаўляе праз яго: “Патрабую вас!”. 

    Сам Папа Францішак адчуў моц заступніцтва Арцемія Дзацці ў здарэнні з пакліканнямі, калі быў правінцыялам езуітаў у Аргентыне. У адным з лістоў ён піша: “ У 1976 годзе падчас кананічнай візітацыі езуіцкіх місіянераў на поўначы Аргентыны я на некалькі дзён спыніўся ў арцыбіскупа ў Сальце. Напрыканцы трапезы арцыбіскуп Перас між іншым прыпомніў жыццё спадара Дзацці, а таксама парадзіў пазнаёміцца з яго жыццём бліжэй праз кнігу аб яго жыцці. Мяне ўразіла, што ён быў сапраўдным каад’ютарам. У той момант я адчуў, што мушу прасіць Пана праз заступніцтва спадара Дзацці, каб паслаў нам пакліканні, падобныя пакліканню каад’ютара. Я маліўся навэннамі і прасіў навіцыяў, каб і яны маліліся”. І працягвае: “Ад таго часу, як мы распачалі маліцца да спадара Дзацці, у навіцыят уступіла 23 маладых сабрата езуіта, якія засталіся з намі. Я ўпэўнены ў яго заступніцтве ў гэтай сітуацыі, бо такая колькасць у нашай супольнасці - гэта ўнікальны выпадак. Я кажу яшчэ раз, што ўпэўнены ў яго заступніцтве, бо ведаю, як шмат мы маліліся да яго, як да заступніка”. 

    Гэта цудоўнае заступніцтва паважанай асобы і для нас таксама з’яўляецца стымулам прасіць Арцемія Дзацці аб узрастанні колькасці пакліканняў добрых і святых салезіянаў каад’ютараў.

    У гэты год, прысвечаны святому Францішку Сальскаму, абаронцу і заступніку паклікання да святасці, сведчанне Арцемія Дзацці прыпамінае нам словы Другога Ватыканскага Сабору: “Усе, хто верыць у Хрыста, незалежна ад паклікання і стану, [ … ] пакліканы Панам, кожны ў свой спосаб, да такой дасканалай святасці, якім дасканалым з’яўляецца Сам Айцец”. Францішак Сальскі, дон Боско і Арцемій ствараюць са штодзённага жыцця праяўленне Божай Любові, якую атрымліваюць і вяртаюць. Гэтыя нашы святыя хацелі наблізіць адносіны з Богам да жыцця і жыццё да адносін з Богам. Гэта азначае прапанову “святасці з суседніх дзвярэй” альбо “святасць сярэдняга класу”, аб якой нам з такой любоўю кажа Папа Францішак. 

    Асоба Арцемія Дзацці з’яўляецца для нас стымулам і натхненнем, каб мы сталі знакамі і носьбітамі Божай Любові да маладых і бедных. Як я сам напісаў: “Нам таксама неабходна развіваць харызму наведвання як жаданне, якое носім у сэрцы, каб абвяшчаць яго, а не чакаць, што хтосьці прыйдзе да нас. Пойдзем у памяшканні і месцы, дзе жыве шмат людзей, якім пяшчотнае слова, сустрэча, позірк, поўны павагі, можа адкрыць перспектывы да лепшага жыцця”. Арцемій Дзацці быў чалавекам наведвання, ён насіў Езуса ў сваім сэрцы, пазнаваў Яго ў сваіх бедных братах і сёстрах і з радасцю і шчодрасцю служыў Яму ў іх. 

    Святы Арцемій Дзацці, заступіся за нас!

                                          Вырашальны цуд

 

Гаворка ідзе аб цудоўным аздараўленні мужчыны, які хварэў на правабаковы цэрэбральны ішамічны інсульт, які быў ускладнёны масіўным гемарагічным пашкоджваннем, то бок пашкоджаннем, выкліканным кровазліццём. Гэта падзея, якую ўзялі да ўвагі ў часе кананізацыйнага працэсу, адбылася на Філіпінах у жніўні 2016 года. Дактары нейрахірургі безапеляцыйна рэкамендавалі гэтаму чалавеку аперацыю, якую немагчыма было выканаць з-за беднасці яго сям’і. Таму блізкія пацыента вырашылі забраць яго да хаты, каб апошнія дні свайго жыцця ён прабыў з імі. Паміраючы, мужчына прыняў сакрамэнт намашчэння хворых і паклікаў сваіх родных і блізкіх, каб развітацца з імі. Але 24 жніўня 2016 года хворы насуперак усім чаканням паклікаў сваіх родных і сказаў ім, што хоча прыняць ванну і штосьці з’есці. Ён, якога прывязлі да хаты паміраць, быў здаровы! 

   Мужчына аздаравіўся дзякуючы малітве свайго брата, які з’яўляецца салезіянінам каад’ютарам. Ён ў той самы дзень, калі яго брата прывезлі ў бальніцу, падчас нешпараў у сваёй супольнасці пачаў маліцца і прасіць аб яго аздараўленні праз заступніцтва благаслаўлёнага Арцемія Дзацці. Таксама салезіянін каад’ютар запрасіў сваіх родных і блізкіх, каб і яны злучыліся з ім у малітве, і настойліва заклікалі да благаслаўлёнага Арцемія Дзацці. 

 Паводле “Салезіянскага бюлетэню”, май 2022

Думкі ксяндза Боско

Той, хто не чувае, рызыкуе, што не будзе збаўлены, таму што яму не хапае часу, або волі, альбо Божай ласкі.

Св. Ян Боско