Галоўным цэлебрантам урачыстай Эўхарыстыі быў кс. Артур Ляшнеўскі SDB, які праводзіў фармацыю хлопцаў, а сам абрад прыняцця ўзначаліў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB, пробашч парафіі. Пасля малітвы благаслаўлення кандыдаты апранулі белыя стужкі – сімвал чысціні і святасці. З гэтага часу кандыдаты будуць насіць стужкі падчас літургіі да прыняцця іх у міністранты. Напрыканцы абрада прыняцця кандыдаты прачыталі свае абяцанні пазнаваць літургію і старацца быць бліжей Хрыста праз адпаведныя ўчынкі.
Пасля Эўхарыстыі хлопцы, а таксама іх бацькі і родныя працягнулі святкаванне на супольным пікніке, падчас якога прысутных чакалі гульні, смачная ежа і добры настрой.