Аўторак, 03 Май 2022 21:03

Рэкалекцыі для салезіянаў прайшлі ў Росі

Аўтар

З 18 па 22 красавіка салезіяне кс. Боско перажывалі штогадовыя рэкалекцыі, якія сёлета прайшлі ў Росі. У бягучым годзе рэкалекцыі асаблівыя, бо салезіянскае Таварыства адзначае 100-годдзе сваёй дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рэкалекцыі правёў Мітрапаліт на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэтыя дні сталі часам духоўнай адновы і ўзмацнення, каб пасля іх ксяндзы з новымі сіламі маглі рэалізоўваць салезіянскае і святарскае пакліканне ў сучасным свеце. На працягу пяці дзён салезіяне пад кіраўніцтвам рэкалекцыяніста прысвячалі час малітве і разважанню над асноўнымі аспектамі кансэкраванага жыцця. 

Ужо стала традыцыяй, што падчас рэкалекцый салезіяне наведваюць каталіцкія святыні Беларусі. Гэты год не стаў выключэннем і святары пабывалі ў касцёлах у Струбніцы, Зэльве, Міжэрычах. Перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі Міжэрыцкай удзельнікі рэкалекцый цэлебравалі св. Імшу. 

Важным аспектам у сёлетніх рэкалекцыях стаў дзень малітвы ў інтэнцыі ўсіх памерлых сабратоў салезіянаў, якія на працягу апошніх 100 гадоў працавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. 

У апошні дзень рэкалекцый салезіяне цэлебравалі св. Эўхарыстыю пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі. Падчас св. Імшы адбыўся абрад аднаўлення манаскіх абяцанняў чысціні, паслухмянасці і беднасці. 

Мітрапаліт на пенсіі Тадэвуш напрыканцы Эўхарыстыі павіншаваў сабратоў салезіянаў з юбілеем прыстунасці на нашых землях і выказаў словы ўдзячнасці за працу Таварыства і яго вялікі ўнёсак ў адраджэнне веры на Беларусі.

Думкі ксяндза Боско

Усе павінны заставіць у Езусе сваю надзею, паверыць у Яго, даверыцца Яму, таму што толькі Ён праз свю муку і смерць зрабіў нас Божымі сынамі, сваімі братамі, прыемнікамі тых жа скарбаў у небе.

Св. Ян Боско