Панядзелак, 25 Красавік 2022 08:34

Ватыкан – Арцемій Дзацці святы

Аўтар

(ANS - Ватыкан) - 9 красавіка 2022 г. Папа Францішак прыняў падчас аўдыенцыі кардынала Марчэлло Семераро, прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Падчас аўдыенцыі Святы Айцец упаўнаважыў гэтую Кангрэгацыю абнародаваць Дэкрэт адносна: - цуду, прыпісанаму заступніцтву бл. Арцемія Дзацці, свецкаму прафесару Салезіянскага таварыства св. Яна Боско, які нарадзіўся 12 кастрычніка 1880 г. у Барэта (Італія), памёр 15 сакавіка 1951 г. у В'едме (Аргенціна).

Гэтым актам Святы Айцец адкрывае шлях да кананізацыі благаслаўлёнага Арцемія Дзацці. Дату кананізацыі Святы Айцец вызначыць падчас звычайнай Кансісторыі.

Арцемій Дзацці нарадзіўся 12 кастрычніка 1880 года ў Барэта (Рэджа-Эмілія). Ужо з дзяцінства ён зведаў цяжар ахвяры, бо ва ўзросце 9 год яму давялося працаваць паляводам. З-за беднасці сям'і Дзацці ў пачатку 1897 года прыйшлося эміграваць у Аргенціну і пасяліцца ў Баія-Бланка. Малады Арцемій адразу пачаў наведваць салезіянскі парафіяльны касцёл, дзе пазнаёміўся з кс. Карло Каваллі, пробашчам парафіі, пабожным і надзвычай добрым чалавекам, які быў яго духоўным кіраўніком. Менавіта ён накіраваў Арцемія да салезіянскага жыцця. Яму было 20, калі паступіў у аспірантуру ў Берналі.

Даглядаючы маладога святара, хворага на туберкулёз, ён сам заразіўся. Айцец Каваллі ў сваёй бацькоўскай заклапочанасці прымусіў яго пераехаць у салезіянскі дом у В'едме, дзе быў больш прыдатны клімат, і, перш за ўсё, дзе быў місійны шпіталь з выдатным салезіянскім медбратам, які на практыцы выконваў ролю медыка, кс. Эвазіо Гарронэ. Ён заахвоціў Арцемія маліцца да Марыі Успамогі Хрысціянаў, просячы аб аздараўленні. Таксама кс. Эвазіо параіў Арцемію даць наступнае абяцанне: “Калі яна аздаравіць цябе, ты прысвяціш сваё жыццё тым, хто хворы”. Арцемій ахвотна даў гэтае абяцанне і цудам ачуняў. Тады ён скажа: “Я паверыў, я абяцаў, што вылечуся”. Яго шлях быў дакладна вызначаны, і ён прыняў яго з энтузіязмам. Першыя салезіянскія абяцанні склаў 11 студзеня 1908 г., а вечныя — 8 лютага 1911 г. Як абяцаў Марыі, адразу і цалкам прысвяціў сябе працы ў шпіталі, спачатку працаваў у аптэцы, але пасля смерці кс. Гарронэ ў 1913 годзе ўся адказнасць за шпіталь лягла на яго плечы. Фактычна ён стаў намеснікам дырэктара бальніцы, адміністратарам і медбратам, якога паважалі ўсе пацыенты і самі медыцынскія работнікі, якія паступова давалі яму ўсё большую свабоду дзеянняў.

Яго служэнне не абмяжоўвалася бальніцай, а распаўсюджвалася на ўвесь горад і нават на два мястэчкі на берагах ракі Негры - В'едма і Патагонес. Пры неабходнасці ён адпраўляўся ў любую гадзіну дня і ночы, дабіраючыся да баракаў на ўскраінах і робячы ўсё бясплатна. Ягоная слава як святога медбрата разляцелася па ўсім поўдні, да яго з'язджаліся хворыя з усёй Патагоніі. Нярэдка было, што хворыя аддавалі перавагу візіту святога медбрата перад візітам дактароў.

 Арцемій Дзацці любіў сваіх хворых па-сапраўднаму шчыра. Ён бачыў у іх самога Езуса настолькі, што, калі прасіў у сясцёр адзенне для хлопчыка, які толькі што прыехаў, казаў: “Сястра, а ў цябе ёсць адзенне для 12-гадовага Езуса?”. Яго клопат пра хворых быў настолькі вялікі, што прымаў розныя формы. Ёсць тыя, хто памятае, як ён нёс труп пацыента, які памёр ноччу, у морг на спіне, каб памерлага не бачылі іншыя хворыя. Ён зрабіў гэта, чытаючы De profundis (Пс 129) і прытрымліваючыся кірунку, які Дон Боско пакінуў сваім сынам, - працу і ўмеранасць. Вялікую працу, якая дапамагае паказваць пастаянную гатоўнасць духа, гераічную ахвярнасць і не клапаціцца аб асабістым задавальненні да такой ступені, каб ніколі не браць водпуск і вольны час. Некаторыя кажуць, што адпачыць яму давялося толькі пяць дзён, якія ён правёў... у турме! Так, яго абвінавацілі ў тым, што з бальніцы ўцёк зняволены. Суд апраўдаў Арцемія, і яго вяртанне дадому было сапраўдным трыумфам.

Ен лёгка ўсталёўваў міжасобасныя адносіны, якія адзначаліся выразным спачуваннем; ён быў вельмі рады мець справу з простымі людзьмі. Але больш за ўсё Арцемій быў Божым чалавекам. Адзін з лекараў бальніцы, які быў даволі няверуючым, аднойчы сказаў: “Калі я ўбачыў сеньёра Дзацці, маё нявер’е пахіснулася”. І яшчэ нехта: “Я паверыў у Бога з таго часу, як сустрэў спадара Дзацці”.

У 1950 годзе нястомны медбрат ўпал з лесвіцы, што і стала прычынай пазнейшых сімптомаў раку, які ён дакладна дыягнаставаў сам. Ён працягваў сваю місію яшчэ адзін год, калі пасля гераічна перанесеных пакут 15 сакавіка 1951 г. памёр у поўнай свядомасці, акружаны любоўю і ўдзячнасцю ўсёй супольнасці.

Быў абвешчаны шаноўным Слугой Божым 7 ліпеня 1997 г., а благаслаўлёным абвясціў яго св. Ян Павел ІІ на плошчы св. Пятра 14 красавіка 2002 года.

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско