Серада, 06 Красавік 2022 12:06

Вакацыі з Богам прайшлі ў Мінску

Аўтар Салезіянскі аніматар Дар’я Купцова

На вясенніх канікулах прайшлі вакацыі з Богам для дзетак з 2 па 6 клас у мінскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля. Дзеці разам з салезіянамі, сёстрамі салезіянкамі і аніматарамі разважалі над тэмай “Бо любоў большая, чым ...”. Кожны дзень замест шматкроп’я з’яўляліся словы смерць, боль, грэх і крыж. 

На працягу чатырох дзён дзеці глядзелі перадачу “Пошукі святла”, у якой раследвалі гісторыю нашага збаўлення. Да гледачоў прыходзілі сведкі, якія бачылі Езуса, і расказвалі свае пачуцці пасля сустрэчы з Ім, а таксама цікавыя факты. Такім чынам, дзеці змаглі напярэдадні Вялікадня паразважаць над тым, як Езус перажываў свой цяжкі шлях. Ён меў вялікі давер да свайго Айца і аддаў сваё жыццё дзеля нас, бо моцна нас любіць!

Пасля вакацый адбыўся выезд для памочнікаў, якія рыхтуюцца стаць салезіянскімі аніматарамі. Выезд уключаў у сябе фармацыйны блок, адпачынак, а таксама рэкалекцыі напярэдадні свята Пасхі, якія праходзілі ў парафіі св. Яна Хрысціцеля і якія праводзіў кс. Юрый Кулай. Падчас фармацыі памочнікі падзяліліся на тры групы і рыхтавалі маленькі праект пра трох хлопцаў з араторыя кс. Боско: св. Дамініка Савіо, Мікеле Магонэ і Франчэско Безукко. Менавіта пра гэтых трох хлопцаў св. Ян Боско піша біяграфію і падкрэслівае, што яны розныя, але для кожнага ёсць месца ў араторыі і кожны можа стаць святым. Такім чынам, уікенд прайшоў плённа і на карысць кожнаму.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Зразумела, што лягчэй расхвалявацца, чым узяць сябе ў рукі, прыгразіць дзіцяці, чым растлумачыць яму. Нам, з нашаю нецярплівасцю і пыхаю, найвыгадней біць тых, хто не саступае, чым з цярплівасцю іх навучаць. Цярплівасць — гэта дар Духа Святога, аб якім трэба маліцца.

Св. Ян Боско