На Аратарыядзе падлеткі выступалі ў васьмі дысцыплінах: настольны тэніс, настольны футбол, дартс, шашкі, спідкубінг, інтэлектуальны конкурс, гульня “Два капітана” і спартландыя.
Варта адзначыць, што спорт з’яўляецца неад’емнай часткай салезіянскага выхавання. Яшчэ ў часы ксяндза Боско ў араторыі заўсёды адбываліся спартыўтыўныя гульні і спаборніцтвы. Святы апостал моладзі бачыў, што праз гульню можна шмат чаму навучыць моладзь, а таксама заваяваць сімпатыю маладога чалавека. Таму спартыўныя традыцыі працягваюць і сучасныя салезіяне, у тым ліку і ў Беларусі.
Галоўнымі адказнымі за арганізацыю Аратарыяды былі ксёндз Алег Каралёў SDB і Аляксандр Манчак ASC. Таксама на спартыўным свяце прысутнічаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які і распачаў мерапрыемства з супольнай малітвы.
Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымала каманда араторыя са Смаргоні, на другім месцы апынуліся пераможцы першай Аратарыяды – мінчане, каманда араторыя з Бараўлянаў апынулася на трэцяй прыступцы, а камандзе з Дзятлава не хапіла літаральна два балы, каб пандняцца на п’едэстал.
Дзеці атрымалі медалі і падарункі з рук ксяндза Віктара і ксяндза Алега.
Таксама асобным чынам была адзначана вялікая каманда, якая дапамагала ў падрыхтоўцы і правядзенні Аратарыяды. Гэта ў першую чаргу аніматары, кандыдаты, салезіяне супрацоўнікі, а таксама сёстры салезіянкі, якія як сапраўдныя заўзятары падтрымлівалі свае каманды на працягу спаборніцтваў.
Пасля ўзнагароджвання адбыліся таварыскія гульні ў “Два капітана” паміж духавенствам, суддзямі і прадстаўнікамі каманд. Накал у гэтых гульнях быў не слабейшы, чым падчас Аратарыяды. Перамогу атрымалі святары і сёстры.
У гэты дзень дзеці перажылі сапраўднае спартыўнае свята, атрымалі безліч эмоцый і знайшлі новых сяброў. Яшчэ раз віншуем пераможцаў і жадаем усім удзельнікам поспехаў не толькі на спартыўных пляцоўках, але і ў жыцці.