Сустрэча адбывалася з 18-га па 20-е сакавіка ў мінскім араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры салезіянскай парафіі імя святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. За гэты час удзельнікі мелі магчымасць адарвацца ад сваёй штодзённасці і прысвяціць сябе малітоўным практыкам, майстар-класам, гульням і адпачынку. Адной з галоўных інтэнцый прысутных, якія перажывалі святую Імшу, Крыжовы шлях, адарацыю, малітву, літургію гадзінаў, быў мір і супакой ва Украіне.
Асноўнай тэмай працоўнай сустрэчы было больш глыбокае знаёмства з асобай святога Яна Боско, спроба паглядзець на свет яго вачыма. Моладзь на прыкладзе святога разглядала як падчас вялікіх грамадскіх хваляванняў і хаосу, якія ў свой час перажывала Італія, можна заставацца верным Евангельскім каштоўнасцям і працягваць ставіцца з любоўю і павагай да кожнага чалавека. Удзельнікі разважалі над тым, як і ў сучасным свеце, поўным спакусаў, непаразуменняў, канфліктаў можна захаваць дабрыню сэрца.
Таксама падчас курса былі і практычныя парады. Прысутныя вучыліся праводзіць салезіянскую асістэнцыю, весці працу ў групах, праводзіць гульні, захоўваць добрую атмасферу ў калектыве. Адбыліся і майстар-класы ад запрошаных спецыялістаў, якія навучылі ўдзельнікаў рабіць мантаж відэаролікаў і распавялі, на што ў першую чаргу трэба звяртаць увагу пры здымцы. Другі спецыяліст падзяліўся вопытам працы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці развіцця: як навучыцца правільна ставіцца да іх і іхніх сем’яў, не баяцца і дапамагаць ім быць больш уключанымі ў нашае грамадства.
Завяршылася сустрэча падвядзеннем вынікаў і заклікам да рэалізацыі атрыманых ведаў на практыцы. Першымі з момантаў для рэалізацыі стануць салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка і DON BOSCO YOUTH FEST. Усю інфармацыю пра гэтыя мерапрыемствы вы зможаце даведацца на нашым сайце і ў нашых сацсетках.