Чацвер, 10 Сакавік 2022 01:15

Пасланне Генеральнага настаяцеля кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ SDB на сакавік 2022

Аўтар

КСЁНДЗ  БОСКО ЗРАБІЎ БЫ ТОЕ САМАЕ   “Думка пра тое, што мой сабрат салезіянін чакае да позняга вечара, пакуль малады чалавек не вернецца з працы, каб яму і іншым двум выхавацелям прапанаваць вячэру, як сапраўдны брат альбо бацька, кранула мяне. Я сказаў сабе: «Ксёндз Боско ўчыніў бы тое самае»”. 

Дарагія сябры штомесячнага часопіса “Il Bullettino Salesiano” (Салезіянскі бюлетэнь) і ўсе прыхільнікі харызмы кс. Боско, я пішу вам з Кіта, што ў Эквадоры, з рэзідэнцыі салезіянскай правінцыі, вядомай у прыватнасці сваёй місійнай працай сярод тутэйшых народаў Шуараў і Ашуараў, а таксама выхаваўчай працай сярод дзяцей, што не маюць прытулку, а найболей дзяцей, што знаходзяцца ў цяжкіх умовах . 

  Падчас сустрэчы з адным салезіянінам з Перу я быў вельмі ўзрадаваны тым, што моцна адчуў у сваім сэрцы: Ксёндз Боско ўчыніў бы тое самае.

  Менавіта гэтым хачу з вамі падзяліцца. 

  Распавесці хачу аб новай справе салезіянаў у Ліме, што ў Перу. Дом, дзе прымаюць маладых хлопцаў і сем’і (пазней зразумееце, чаму кажу “сем’і“ ), мае назву “Дом ксядза Боско для прыняцця маладых мігрантаў і бежанцаў“. Гэта ініцыятыва распачалася чатыры гады таму, у 2018 годзе, калі ў салезіянскі дом прынялі пяць непоўнагадовых хлопцаў, якія прыйшлі з Венесуэлы без дакумэнтаў. Яны соўваліся па вуліцах Лімы і спрабавалі неяк жыць, а дакладней выжываць. Калі я гэта пачуў, то падумаў: “Гэта тая самая дарога, якую прайшоў кс. Боско на Вальдокко, на зачатку араторыя ў маленькім доме Пінардзі“.

  Усе эксперты, што даследуюць жыццё кс. Боско, згаджаюцца ў адным: “Мадель сям’і не была адзінай, якой карыстаўся кс. Боско, традыцыйна апісваючы выхаваўчую супольнасць, але, відавочна, лічыў яе найбольш прыдатнай. Паколькі сям’я з’яўляецца першай выхаваўчай супольнасцю і натуральным месцам выхавання дзіцяці, то, паводле яго думкі, выхаваўчая суполка ў ідэальным і аптымальным выглядзе павінна прыпадобнівацца да сямейнага асяродку”.

 

Накшы дом, накшае жыццё   

  Ксёндз Боско аддаў яму перавагу ў тым ліку і па сваіх асабістых прычынах. Дон Лемойн звяртае ўвагу, што “асвячальная любоў сям’і  займала ў яго сэрдцы пераважнае месца“. Ксёндз Брайдо гаворыць пра захапленне сямейнай блізкасцю як пра асноўную характарыстыку тэмпераменту кс. Боско. Ксёндз Стэлло сцвярджае, што гэта рыса яго асобы ўзнікла таму, што ён быў ад маленства сіратой. 

  Маральны ўплыў і выхаваўчая эфектыўнасць яго метаду становяцца яшчэ больш відавочнымі, калі звернем увагу, што многія з яго ”сыноў“ ніколі не атрымлівалі любові і клопату маці ці бацькі, альбо мелі нейкія накшыя праблемы. 

  Трэба памятаць, што першыя араторыі былі “домам“ для моладзі яшчэ і таму, што там яны знаходзілі маці: маму Маргарыту і яе сястру Мар’янну Ок’ена, спадарыню Руа, спадарыню Гастальдзі, спадарыню Бэлія і іншых. Гэту асаблівую рысу кс. Боско жадаў захаваць і надалей і не толькі з практычных перакананняў. 

  “Згубленныя хлопчыкі“ з Лімы пачалі сваё “другое жыццё“ ў  “Доме кс. Боско“. З таго часу праз Дом прайшло больш як 600 хлапцоў, якім пашчасціла выправіць сваё становішча. Сёння ў Доме іх жыве 47, сямёра з іх –  маладыя людзі, якія мелі сям’ю альбо маладую жонку і прывялі яе за сабой. 

  Маладыя людзі кантактуюць з Домам кс. Боско, які становіцца ўсё больш вядомым з-за таго, што паміж такімі як яны “шырыцца яго рэпутацыя“. Тыя, хто хоча, застаюцца там разам з іншай моладдзю, выхавацелямі і салезіянінамі, адказнымі за гэты праект, якія штодзённа назіраюць за жыццём дома і суправаджаюць кожнага маладога чалавека на працягу дня, аж пакуль не вернуцца апошнія – найчасцей, гэта тая моладзь, што працуе ў гатэлях (яны вяртаюцца каля першай гадзіны ночы). Думка аб тым, што мой сабрат салезіянін чакае да позняга вечара, пакуль малады чалавек не вернецца з працы, каб яму і іншым двум выхавацелям прапанаваць вячэру, мяне вельмі кранула. Я сказаў сам сабе: “Ксёндз Боско зрабіў бы тое самае“. 

  Гэтым маладым людзям таксама дапамагаюць зрабіць дакументы, псіхолагі-валанцёры аказваюць ім псіхалагічную падтрымку, маладыя  атрымліваюць там пачатковую адукацыю, і тыя, у каго гэта атрымліваецца, маюць магчымасць уладкавацца на працу, каб сумленна зарабляць сабе на жыццё. Гэтыя маладыя людзі паходзяць з вельмі рознага асяроддзя і перажылі розныя формы гвалту. Яны маюць рознае веравызнанне, альбо ўвогуле не належаць да ніякай канфесіі. Аднак істотна ёсць тое, што гэта тыя маладыя людзі, якія патрабуюць дапамогі. Гэта адзіны патрэбны дакумэнт, які яны павінны прадставіць. Усё астатняе вырашыцца. 

 

Матацыкл для будычых пакаленняў

 

Некаторыя з іх знайшлі працу праз Місію кс. Боско ў Турыне (Missioni Don Bosco di Torino) і прадстаўніцтва ў Боне, Германія (Missione Procura di Bonn (Germania)). Было набыта 20 матацыклаў. І для маладых людзей, што знойдуць працу кур’ера, матацыкл у такім выпадку будзе прапанаваны да  працы. Яны не атрымаюць яго ў якасьці падарунка, а будуць паступова, на працягу некалькіх месяцаў ці гадоў, сплачваць гэты кошт са сваіх заробкаў. На атрыманыя такім чынам грошы набываюцца наступныя матацыклы, каб новыя маладыя людзі маглі атрымаць працу. 

  Мне прыйшлася вельмі даспадобы такая крэатыўная рэакцыя на складаную сітуацыю. Думаю, што гэта выдатны спосаб вывесці гэтых маладых людзей з небяспекі наркатычнай залежнасці. Шматлікія з іх ужо прайшлі праз ужыванне таго ці іншага віду наркотыкаў. “Дом кс. Боско“ дапамагае ім выйсці з гэтага стану. 

  Здзівіла мяне яшчэ вось што. Як высветлілася, шматлікія маладыя мужчыны пакінулі сваіх жонак, часам нават з дзіцём. На шчасце, Дом вялікі, і гэта дало магчымасць сямі маладым парам атрымаць уласны пакой, каб жыць як сям’я і ствараць свой малы дом. Агульныя памяшканні, такія як кухню і сталовую, яны дзеляць разам з іншымі маладымі парамі, а іх усіх суправаджаюць выхавацелі і салезіянін з бліжэйшай салезіянскай супольнасці, адказны за гэты праект. 

  Дом кс. Боско для імігрантаў і бежанцаў ў Магдалена дель Мар у Ліме змяняе да лепшага жыццё шматлікіх маладых людзей і маладых пар. Такія  рэчы, відавочна, не прыпамінаюцца ў “Навінах“ любой краіны. Наадварот, нас штодзённа “харчуюць“ жудаснымі негатыўнымі навінамі, але існуе і дабро, што сеецца кожны дзень. І аб гэтым дабры трэба гаварыць і распаўсюджваць яго.

  Дзякуй вам, дарагія сябры, што “падзялілі“ са мной гэтую добрую навіну. Я ўпэўнены, што кс. Боско сёння зрабіў бы тое самае. 


(Паводле “Il Bolletino Salesiano“, сакавік 2022) пераклад са славацкай мовы 

Салезіянін супрацоўнік Аляксандр Дзёўкш

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Хто давярае Марыі, той ніколі не зведае расчаравання.

Св. Ян Боско