Аўторак, 01 Сакавік 2022 10:03

Дзень Салезіянскай Духоўнасці адбыўся ў Мінску

Аўтар

26 лютага ў Мінскім араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры салезіянскай парафіі імя св. Яна Хрысціцеля адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці.

На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі кожнай з галін салезіянскай сям’і і таксама аніматары. На працягу ўсяго дня салезіяне разважані над дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства на бягучы год: “Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу”.

На пачатку сустрэчы да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар прывітаў удзельнікаў сустрэчы, пажадаў добрай і плённай працы і прапанаваў пачаць працоўную праграму з малітвы аб міры і супакоі ва Украіне.

Пасля малітвы адбылася тэатральная пастанова, пад час якой на сцэну выйшлі дзве галоўныя постаці сёлетняга дэвізу: Францішак Сальскі і ксёндз Боско. Яны ў форме дыялогу аднавілі ў памяці прысутных асноўныя факты са сваёй біяграфіі, якія сталі асноўнымі натхняльнымі кропкамі для дэвізу. Потым адбыўся непасрэдны прагляд самаго дэвізу на беларускай мове і разбор сімвалізму плакатаў дэвізу, які прадставіў генеральны дом.

У другой частцы салезіяне працавалі над дакументамі, на якія абапіраўся Генеральны настаяцель распрацоўваючы дэвіз. Каманды акрэслівалі канкрэтныя крокі, як сёння ў нашай сучаснасці і рэчаіснасці, мы можам несці святло Евангелля з любоўю.
Сюрпрызам дня салезіянскай духоўнасці стаў спектакль-драма “Святар”, падрыхтаваны ксяндзом Артурам Ляшнеўскім SDB і сястрой Юляй Клявец FMA, а таксама дзецьмі і моладдзю з мінскага араторыя. Спектакль распавядае пра жыццё і мучаніцкую смерць ад рук нямецка-фашыстскіх захопнікаў салезіянскага святара Уладзіслава Вячорка, які працаваў на нашых землях у такі складаны і страшны гістарычны перыяд. Гэты спектакль з'яўляецца праяўленнем павагі і ўдзячнасці сучасных салезіянаў да сваіх папярэднікаў і ставіўся з нагоды святкавання стагоддзя прысутнасці салезіянскага таварыства на беларускай зямлі.

Завяршылася сустрэча святой Імшой у інтэнцыі міру ва Украніне, якую ўзначаліў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. З казаннем да прысутных звярнуўся дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB. Святар разважаў на Евангеллем, і што Езус запрашае нас ісці за Ім. Езус запрашае нас паглядзець на свет Ягонымі вачыма, каб гэта зрабіў кожны, каб гэта зрабілі таксама і прадстаўнікі ўлады Расіі і Украіны.

Ён прадасцярог нас, каб мы не шлі дарогай фарысеяў, не глядзелі на іншых, шукаючы недахопы, а ў першую чаргу стараліся ўглядацца на ўласныя недасканаласці і старацца змяняць іх. А таксама вучыцца любіць, любіць так, як вучыць нас Езус Хрыстус.

Напрыканцы святой Імшы да сабраных звярнуўся ксёндз Віктар і падзякаваў кожнаму за гэты супольна перажыты дзень салезіянскай духоўнасці. Ксёндз дэлегат пажадаў, каб спектакль, які быў прадстаўлены ў гэы дзень не заставаўся для нас выключна тэатральным відовішчам, але і быў своеасаблівым рахункам сумлення, бо галоўны герой, ксёндз Уладзіслаў не адступаў ад Бога і ад праўды нягледзячы на выпрабаванні і страх і гэта павінна стаць прыкладам і арыенцірам для кожнага з нас! Уладзіслаў Зарэцкі ASC

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Святыя прымаюць удзел у Божай моцы і кіруюць з Ім. Такім чынам паказваюць свету, які дабрадзейны шлях да Бога

Св. Ян Боско