Серада, 16 Люты 2022 15:24

Пасланне Генеральнага Настаяцеля на люты: Вялікі дар святога Францішка Сальскага

Аўтар

“Няхай мной ва ўсім кіруе любоў і лагоднасць Францішка Сальскага”, -  такое рашэнне прыняў дон Боско на пачатку свайго святарскага жыцця. Салезіянская педагогіка атрымала сваё імя менавіта дзякуючы Францішку Сальскаму.

Адна настаўніца напісала: “Кожны дзень хаджу па класах. Калі заходзіла ў клас у дакавідныя часы, усе ўставалі і ціснуліся вакол мяне. Цяпер ужо так не адбываецца. Дзеці чацвёртых і пятых класаў маюць жаданне падбегчы да мяне, але стрымліваюцца, а дзеці  першых класаў, наадварот, застаюцца нерухомымі, абыякавымі, не праяўляюць ніякай рэакцыі. Гэта мяне вельмі непакоіць, асабліва калі гаварыць аб іх здольнасці праяўляць пачуцці ў будучым”. Яшчэ адна настаўніца дадае: “Мы мусім супрацьстаяць відавочнаму ўзрастанню агрэсіі паміж дзецьмі другіх класаў”. “Трымайся далей ад астатніх”, - радзяць дзецям бацькі. 

  Як доўга і які вялікі цяжар адзіноты, дэпрэсіі і няўпэненасці ў сабе будуць вымушаны несці сённяшнія дзеці? Які педагагічны прыём будзе тут найлепшым? 

  “Хто адчувае, што яго любяць, будзе любіць і сам”, -  казаў кс. Боско. Але лагоднасць і дабрыня ніколі не былі спантанна набытымі якасцямі. Нават для кс. Боско лагоднасць не была дарам, дадзеным яму з нараджэння. Святар сцвярджаў, што пасля сну, які ўбачыў у дзевяцігадовым узросце, ён прачнуўся, адчуваючы боль у кулаках, што балелі ад удараў, якімі ён “узнагародзіў” тых хлопцаў за сварку . 

  Будучы падлеткам, Янак жорстка бараніў свайго сябра Луіджы Камола. Апавядае ён аб гэтым так: “Калі ад каго пачую яшчэ адну лаянку, той будзе мець справу са мной”. Тыя нахабныя хлопцы былі вышэйшыя за Яна, яны сталі мурам паміж ім і яго сябрам і двойчы далі Луіджы па вуху. “У мяне затуманіліся вочы і я даў шаленству сябе ахапіць. Не маючы пад рукой ніякай палкі або стула, я схапіў аднаго з тых хлопцаў за плечы і пачаў ім біць астатніх. Чацвёра з іх паваліліся на зямлю, а іншыя кінуліся наўцёкі”.

  Пазней добры Луіджы дакараў яго за тую гвалтоўную праяву сілы. “Хопіць ужо. Твая сіла мяне пужае. Прашу цябе, прабачай і плаці за зло дабрынёй”. Гэта як бы адлюстраванне постаці са сну, якая сказала: “Не біццём, а лагоднасцю і ласкай ты павінен заваяваць сабе сяброў”.

  Ян Боско праз гэта навучыўся не толькі прабачаць, але і зразумеў, наколькі важна валодаць сабой, і ён ўвесь час аб гэтым памятаў. Заўсёды і ўсюды ствараў уражанне спакойнага чалавека, і ніхто не ведаў, якіх намаганняў гэта ад яго кожны раз патрабавала. Але менавіта праз гэта стаў, паводле слоў Езуса, - “спадкаемцам зямлі” (“ … зямлю атрымаюць у спадчыну”) . 

  “Хачу вам парадзіць, перш за ўсё, - духа лагоднасці. Менавіта ён сагравае сэрцы і прываблівае душы”. (Св. Францішак Сальскі)

  Выказванні святога Францішка Сальскага, якія ён звычайна чуў у семінарыі, прымусілі кс. Боско задумацца. Паводле духоўнага тэстамэнту, чацвёртае рашэнне кс. Боско падчас яго святарскага пасвячэння гучала так: “Няхай мной ва ўсім кіруе любоў і лагоднасць святога Францішка Сальскага”.  А калі для толькі што створанага араторыя кс. Боско выбіраў назву, без разважанняў сказаў: “Будзе мець назву святога Францішка Сальскага”. 

Пазней першым хлопцам, якія вырашылі застацца з ім, сказаў: 

- Будзем звацца салезіянамі.  

- З якой нагоды? 

- З той нагоды, што частка нашага служэння патрабавала вялікага супакою і лагоднасці. Аддаемся пад апеку гэтаму святому, каб выпрасіў нам ад Бога ласку быць падобнымі да яго ў надзвычайнай лагоднасці і ўменні прывабліваць душы.

  Лагоднасць - гэта якасць “больш рэдкая і дасканалая, чым чысціня”, яна з’яўляецца “кветкай любові”; св. Францішак Сальскі вучыў, што гэта тая любоў, якая дзейнічае практычна. “Хачу парадзіць вам, перадусім, духа лагоднасці. Менавіта ён сагравае сэрцы і прываблівае душы”, - пісаў ён адной маладой настаяцельніцы.

  У канцы вайны, якая цягнулася доўгія чатыры гады, калі лагоднасць у адносінах паміж народамі ігнаравалася, Генеральны настаяцель кс. Паоло Альбера прысвяціў гэтай цноце цэлы ліст. “Цнота лагоднасці патрабуе, каб мы авалодалі жвавасцю свайго характару, перамаглі ўсялякую тендэнцыю да невытрыманасці і забаранілі свайму языку вымаўляць крыўдныя словы ў адносінах да асобы, з якой размаўляем. Пажадана адмовіцца ад усялякіх форм насілля ў паводзінах, прапановах і дзеяннях”.  Ксёндз Альбера ў сваім пасланні аб лагоднасці перадае нам, што мы не павінны ніколі забывацца пра “адценне спакойнага і добрага позірку з яго сапраўдным і ясным адлюстраваннем шчырага і лагоднага духу, які прагне выключна шчасця для кожнага, хто да яго наблізіцца”.

  “Лагодны” не з’яўляецца сінонімам слоў “ліслівы” і “салодкі”, гэта яго слабыя карыкатуры. Лагоднасць увогуле не азначае слабасць. Слабасцю з’яўляецца некантралюемае насілле. Лагоднасць - заўсёды спакойная і церпялівая сіла. Ксёндз Боско ў сваім кіраванні злучаў лагоднасць і моц. 

  Гэты дух дабрыні, лагоднасці і супакою пусціў глыбокія карані ў першых салезіянах і належыць да нашай найдаўнейшай традыцыі. Гэта ўсё азначае, што мы не можам яго занядбаць, а тым больш страціць, што відавочна аслабіць нашу харызматычную ідэнтычнасць. 

  Шматлікія маладыя людзі з сустрэч Салезіянскай сям’і ў свеце часта найбольш памятаюць аб сямейнасці, прыязнасці і любові ў абыходжанні з імі. Карацей кажучы, аб сямейным духу. Вышэй мы казалі аб “чацвёртым салезіянскім абяцанні”, якое злучала ў сабе, перадусім, дабрыню, працу і прэвентыўную сістэму. 

  Не можам сабе ўявіць салезіянскую прысутнасць у свеце, прысутнасць дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, салезіянаў ксяндза Боско і трыццаці двух груп, якія ствараюць салезіянскую сям’ю ксяндза Боско, якая б не вылучалася дабрынёй, як адметным знакам, альбо па меншай меры, павінна была б вылучацца, як гэта хацеў прыпомніць папа Францішак сваім павучальным выказваннем “выбар Вальдокка”.

 Гаворка ідзе пра салезіянскі стыль, які характарызуецца лагоднасцю, спагадлівасцю, сямейнасцю і прысутнасцю. У нас ёсць скарб, дар ад кс. Боско, які цяпер мы павінны адрадзіць. 

 

(Паводле ІІ Бюлетэню Салезіянаў, люты 2022) 

Пераклад са славацкай мовы:  Аляксандр Дзёўкш

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзем заўсёды радаснымі, і час пройдзе хутка

Св. Ян Боско