На распачацце святой Імшы да сабраных звярнуўся рэгіяналны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар падзякаваў біскупу Юрыю за згоду раздзяліць з бараўлянскай супольнасцю ўрачыстасць святога апостала моладзі і адзначыў, што ў гэтым годзе свята з’яўляецца асаблівым, бо адбываецца ў кантэксце святкавання стогадовай прысутнасці салезіянскага таварыства на Беларусі.
У казанні біскуп Юрый разважаў над таямніцай паклікання. Ён адзначыў, што ў сучасным свеце вельмі цяжка пачуць заклік Бога, і галоўная праблема не ў тым, што мала пакліканняў, а ў тым, што мала адважных, здольных адказаць Богу “так”. Іерарх адзначыў, што і сярод апосталаў былі розныя людзі з рознымі здольнасцямі і магчымасцямі, але яны дозволілі Богу дакрануцца да іхніх сэрцаў і з дапамогай Духа Святога маглі рабіць вялікія рэчы.
Гледзячы на асобу патрона ўрачыстасці, біскуп падкрэсліў, што “так”, сказанае Янам Боско, дазволіла шматлікім маладым людзям убачыць святло збаўлення. Ксяндзу Боско таксама было страшна і незразумела, што ён будзе казаць гэтым хлопцам, але ён адважыўся і пайшоў да іх з Божай любоўю, якая ў ім гарэла.
Таксама біскуп Юрый узгадаў сваё асабістае знаёмства са святарамі салезіянамі ў Беларусі: Янам Такарскім, Генрыхам Куляшэвічам і Юзафам Занеўскім.
Напрыканцы біскуп пажадаў кожнаму стаць сапраўдным сведкам Хрыста і адказаць “так” на сваё пакліканне і прапанаваў маліцца, каб як найбольш людзей мела адвагу сказаць “Божа, так, я таксама займу гэта месца, смела, адважна, бо я ведаю, што Ты будзей са мною!”
Пасля гаміліі чальцы асацыацыі салезіянаў супрацоўнікаў аднавілі свае абяцанні жыць згодна з хрысціянскімі прынцыпамі і ў салезіянскай харызме клапаціцца аб збаўленні моладзі.
Пасля Імшы прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці падзякавалі біскупу Юрыю за супольнае перажыванне ўрачыстасці і запрасілі на спектакль у гонар святога Яна Боско, які адбудзецца як толькі настане спрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя.