Панядзелак, 17 Студзень 2022 04:31

Другая сустрэча курса салезіянскага агіматара прайшла ў Мінску

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

З 14 па 16 студзеня ў араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры салезіянскай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, рэлігійная каталіцкая місія “Таварыства святога Францішка Сальскага” правяла  курс салезіянскага аніматара ANIMA для юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць глыбей пазнаваць харызму св. Яна Боско і дзяліцца ёй.

Асноўнай мэтай курса з’яўляецца развіццё талента супрацоўніцтва з моладдзю, яе анімавання і суправаджэння, як гэта рабіў святы Ян Боско.

Падчас сустрэчы тыя, хто прысвячае свой час моладзі, разважалі над надзеяй. Тэма сустрэчы была сугучна з дэвiзам Генеральнага настаяцеля на мiнулы год. Для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны малітвы, гульні, працы па групах і карысныя воркшопы.

У першы дзень адбылося знаёмства ўдзельнакаў паміж сабою, а таксама азнакамленне з праграмай курсу і планамі на бліжэйшыя два дні. Напрыканцы дня была магчымасць спаткацца з Панам на адарацыі.

Дзень суботы для ўдзельнікаў быў самым інтэнсіўным. Пасля святой Імшы прысутныя ў групах абмяркоўвалі тыя праблемы, якія непакояць чалавека ў сучасным свеце. А пасля дзяліліся сваімі вынікамі і прапановамі на агульным форуме. Таксама ў гэты дзень адбыліся майстар-класы з запрошанымі спецыялістамі ў сферы публічных выступленняў і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Атрыманыя навыкі павінны дапамагчы ў працы з моладдзю, вядзенню араторыя і правядзенню разнастайных мерапрыемстваў.

У нядзелю пасля святой Імшы адбылося падвядзенне вынікаў, удзельнікі дзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы, адзначалі станоўчыя і адмоўныя моманты.

Удзельнікі падзякавалі арганізацыйнай группе, у якую ўваходзілі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, аніматары і салезіяне супрацоўнікі, за добра падрыхтаваную сустрэчу і той час, які яны ім прысвяцілі. Адзначылі, што гэты час, калі была супольная малітва, інтэнсіўная праца, адпачынак, вясёлы вечар і традыцыйная салезіянскае слоўка на добрую ноч, дазволіў ім перазагрузіць сваю штодзённасць і адкрыць сябе на новыя магчымасці. Наступная сустрэча курсу ANIMA адбудзецца ў сакавіку, удзел у ёй змогуць прыняць толькі тыя, хто запісаўся на поўны курс і быў на першым уікэндзе. 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Любі сваю працу, калі хочаш яе добра выконваць.

Св. Ян Боско