Свята распачалося Святой Імшой. Як казаў св. Ян Боско “Езус, укрыты ў Эўхарыстыі, ёсць і павінен быць адзіным і сапраўдным нашым сябрам“. Дзеці і бацькі мелі магчымасць перажыць Святую Імшу, паслухаць казанне, падчас якога ксёндз Казімір Мурава SDB падкрэсліў важнасць сям'і, асабліва ў хрысціянскім выхаванні сваіх дзяцей, каб маглі быць першымі выхавацелямі і сведкамі Евангелля.
Працяг свята адбыўся ў араторыі, дзе дзеці разам са святым Янам Боско, святой Марыяй Дамінікай Мадзарэлло і аніматарамі адправіліся на экскурсію па араторыі і мелі магчымасць даведацца, што араторый можа быць домам, школай, касцёлам і таксама дваром.
Цікавыя гульні, спевы, танцы, латарэя дапамагалі дзецям добра правесці час і больш пазнаёміцца з араторыем.
Падчас слоўка, якое было прадстаўлена ў тэатральнай форме, кс. Боско падкрэсліў, што пачаўся новы навучальны год, і заахвоціў каб дзеці не толькі весяліліся, але і стараліся паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння, пачаць новае жыццё з Богам, бо сапраўдная радасць выходзіць з сэрца, з’яднанага з Езусам.
Пасля слоўка і малітвы дзеці атрымалі салодкі пачастунак.