Панядзелак, 06 Верасень 2021 19:46

Кс. Віктар Гайдукевіч SDB і кс. Казімір Шыдэлко SDB адзначылі юбілеі манаскага і святарскага жыцця

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

5 верасня ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адзначылі падвойны юбілей: 45 год манаскага жыцця і 35 год святарства пробашча ксяндза Казіміра Шыдэлко SDB і 25 год манаскага жыцця і 15 год святарства рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB. 

На святкаванне прыбыло шмат ганаровых гасцей, а ўзначаліў Эўхарыстыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, удзел ва ўрачыстай святой Імшы прыняў таксама і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш разважаў над Евангеллем, у якім Езус аздараўляе глуханямога. Іерарх адзначыў, што акрамя фізычнай глухаты ёсць глухата духоўная. Шмат людзей не бачаць цуды, якія адбываюцца на іхніх вачах, шмат людзей не чуюць Божага слова. 

“Езус сказаў Апосталам: «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсяму свету». Гэтыя словы адносяцца не толькі да Папы, не толькі да біскупаў, не толькі да святароў, не толькі да кансэкраваных асобаў. Яны адносяцца да кожнага хрысціяніна, кожны хрысціянін павінен быць апосталам свайго часу”, – такімі словамі біскуп падкрэсліў супольную адказнасць усіх вернікаў у справе збаўлення. 

Далей гаворка пайшла пра асаблівую функцыю святара ў гэтай справе: “Мы сёння глядзім на юбіляраў, яны падобныя на кожнага з нас. У іх адна галава, двое вачэй, дзве рукі, дзве нагі, яны таксама патрабуюць даху над галавой, яны могуць захварэць, могуць быць шчаслівымі, могуць смуткаваць як і кожны іншы чалавек. Але ў той самы час яны дзейнічаюць не сваёй моцай, але моцай Езуса Хрыста!” Арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што менавіта святар пакліканы адчыняць вочы сляпым і дапамагаць пачуць глухім. Менавіта святар пакліканы даваць людзям моц абвяшчаць Божае Слова, якое патрэбна абвяшчаць.

Далей іерарх распавёў пра сваё асабістае знаёмства з юбілярамі і параўнаў ксяндза Віктара і ксяндза Казіміра з апосталамі Пятром і Паўлам, якія былі вельмі рознымі, але ішлі да адной мэты.

“Дарагія святары, дарагія законнікі, ідзіце да людзей, да якіх пасылае вас Бог. Ідзіце асабліва да моладзі, якая заблукала ў гэтым лесе сучасных праблем. Ідзіце да тых, хто патрабуе вашай дапамогі, дапамажыце ім убачыць Божыя знакі, якіх так шмат у нашым жыцці, дапамажыце ім адчыніць вушы, каб яны чулі Божае Слова, каб гэтае Божае слова заставалася ў іх сэрцах, дапамажыце ім сведчаннем іх жыцця, іх малітваю абвяшчаць вечна жывое і вечна дзейснае Божае Слова і хай Божая Маці ахінае вас сваёй апекаю. Амэн!” – такімі словамі арцыбіскуп завяршыў сваё казанне.

Пасля Імшы шаноўных юбіляраў павіншаваў біскуп Аляксандр Яшэўскі. У сваім слове ён адзначыў, што вельмі прыгожым знакам з’яўляецца тое, што сабраты святкуюць свае юбілеі разам, тым самым падкрэсліваючы еднась у супольнасці.

“Я перакананы, што будучыня як паўсюднага, так і лакальнага Касцёла, будучыня кожнай манаскай супольнасці залежыць менавіта ад нас, духоўных асобаў, ад нашай святасці, мудрасці і руплівасці. Кс. Казімір, кс. Віктар, шаноўныя нашы юбіляры, жадаю вам сапраўды ўзрастаць і быць мудрымі, святымі і руплівымі. Няхай менавіта ў мудрасці, святасці і руплівасці вы радуеце нас сваім служэннем яшчэ многія і многія гады. Жадаю ўсяго найлепшага і выказваю вам падзяку за жыццё як святарскае, так і манаскае!” – такімі словамі біскуп завяршыў сваё віншаванне.

Павіншавалі святароў таксама сабраты салезіяне, сёстры дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў, парафіяне з Бараўлянаў і Раўбіч, дзеці і моладзь.

Пасля завяршэння урачыстай часткі праграмы ў касцёле ўсе перайші ў араторый, дзе аніматары і салезіяне супрацоўнікі пад кіраўніцтвам дыякана Марка Найдзіча SDB і сястры Дар’і Еўтухоўскай FMA прадставілі для юбіляраў імпрэзу, якая таксама стала святам адкрыцця араторыя на новы навучальны год.

У гэты дзень таксама адбылося адкрыццё і асвячэнне новай моладзевай комнаты імя святога Яна Боско, над стварэннем якой падчас летніх вакацый працавалі ксёндз Віктар і ксёндз Казімір.

 

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Пану Богу не падабаецца тое, што чыняць пад прымусам

Св. Ян Боско