Серада, 18 Жнівень 2021 20:24

Сястра салезіянка Вераніка Огар прынесла ў Тбілісі вечныя манаскія абяцанні

Аўтар Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

14 жніўня, ва ўспамін св. Максімільяна Марыі Кольбэ, прэзбітэра і мучаніка, у катэдральным касцёле ў Тбілісі ў Грузіі с. Вераніка Огар з Кангрэгацыi Дачок Марыі Успамогі Хрысціян (салезіянка) прынесла вечныя манаскія абяцанні.

Маладая законніца паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы (Лідскі дэканат). У 2014 г. прынесла першыя манаскія абяцанні, два гады працавала ў Бараўлянах, пасля ў Смаргоні. У 2018 г. настаяцелі накіравалі яе ў Грузію, дзе зараз яна адказвае за Моладзевы пастаральны цэнтр.

Ва ўрачыстай Імшы прынялі ўдзел сёстры салезіянкі з Беларуси, Украіны і Расіі, святары, законніцы з іншых супольнасцяў, моладзь з розных парафій Грузіі. Узначаліў літургію адміністратар Апостальскай адміністратуры Каўказа біскуп Джузэппэ Пазотта.

У адпаведнасці з абрадам адразу пасля прамаўлення формулы манаскага абяцання сястра Вераніка паклала яе тэкст на алтар. Потым яна атрымала ад настаяцельніцы с. Малгажаты Петрушчак FMA пярсцёнак  як сімвал стаць знакам Хрыста для свету.

Сястра Вераніка абрала дэвіз, які будзе спадарожнічаць ёй у штодзённым жыцці: “Заставайцеся ў Маёй любові” (Ян 15, 9), а таксама словы айца генерала Анхеля Фярнандэса Арцімэ: “З Богам у сэрцы, з моладдзю ў жыцці”.

Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціян з’яўляецца місійнай. Сёстры нясуць Хрыста моладзі ў тых месцах, куды іх пасылае Касцёл. Яны не прывязаны да служэння на адной пляцоўцы, а ідуць туды, дзе ёсць патрабуючыя, выконваюць сваю місію сярод дзяцей і моладзі на ўсіх кантынентах. Яны праводзяць катэхізацыю, апякуюцца школамі, выхаваўчымі ўстановамі, інтэрнатамі, кіруюць араторыямі, моладзевымі цэнтрамі, праводзяць аніматарства сярод моладзі з мэтай яе дзейснага і адказнага ўключэння ў жыццё Касцёла.

Ужо больш за 20 гадоў салезіянкі нясуць служэнне ў Грузіі. У Тбілісі ў іх ёсць невялікі выхаваўчы цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэтая пляцоўка – вялікая дапамога для грузінскіх сем’яў, многія з якіх пакутуюць ад беднасці. Пакуль сёстры апякуюцца дзецьмі і праводзяць з імі заняткі, маці выходзяць на працу, каб падзарабіць грошай на ўтрыманне сям’і.

Раздзяляючы з сястрой Веранікай яе радасць, молімся за яе і просім, каб яна была святлом Хрыста ў свеце і заўсёды ішла за Ім у любові і надзеі.

Крыніца: grodnensis.by

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Да хваробаў душы трэба адносіцца так жа сур’ёзна, як да хваробаў цела.

Св. Ян Боско