Аўторак, 17 Жнівень 2021 04:54

Сустрэча салезіянаў супрацоўнікаў прайшла ва Уселюбе

Аўтар Вераніка Рогач ASC

13-14 жніўня адбылося спатканне салезіянаў супрацоўнікаў Беларусі ў аг. Уселюб (Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць).

Салезіяне супрацоўнікі - гэта хрысціяне, якія рэалізуюць сваё пакліканне праз служэнне моладзі ў духу св. Яна Боско. Яны працуюць па закліку свайго заснавальніка, каб "выхаваць сумленных грамадзян і добрых хрысціян". Сваё пакліканне яны выконваюць перш за ўсё  ў сям'і, на працы, у араторыі, а таксама ў адносінах з іншымі людзьмі, даючы прыклад глыбокай веры, шчырай радасці і дабрыні.

Як адна супольнасць братоў і сясцёр салезіяне супрацоўнікі сабраліся разам, каб адпачыць, памаліцца, а таксама лепш пазнаць адзін аднаго. 

"Супольнасць: як, чаму, навошта?" – так гучала тэма для разважання падчас канферэнцыі і працы па групах. Праз Слова Божае і асабістае дзяленне вопытам удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі чатыры элементы ідэальнай супольнасці - пакора, лагоднасць, велікадушнасць і любоў. У выніку салезіяне супрацоўнікі прыйшлі да высновы, што кожны зможа адчуць сябе ў супольнасці як у сям'і, калі будзе развіваць у сабе гэтыя дабрадзеі. 

У канцы сустрэчы на падвядзенні вынікаў дзякавалі адзін аднаму за цудоўны час разам.

Аляксандр Перадкоў ASC выказаў сваё меркаванне наконт сустрэчы: "Быць разам заўсёды прыемна і добра, але само месца, Уселюб, настройвае на незвычайныя перажыванні блізкасці з Богам, а прыгажосць прыроды напаўняе падзякай і праслаўленнем".

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог зможа ўзнагародзіць ахвярнасць, якая дзеецца, каб быць паслухмяным Яго Святой воле.

Св. Ян Боско