Панядзелак, 16 Жнівень 2021 03:58

Кл. Міхаіл Вішнеўскі SDB аднавіў манаскія абяцанні

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

14 жніўня ў смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла кл. Міхаіл Вішнеўскі SDB аднавіў свае манаскія абяцанні на рукі рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.

Пасля першых манаскіх шлюбаў падчас фармацыі салезіяне традыцыйна кожны год аднаўляюць свае манаскія абяцанні да моманту складання вечных шлюбаў. Сёлета Міхаіл аднавіў свае манаскія шлюбы чысціні, паслухмянасці і беднасці на два гады.

Падтрымаць Міхаіла малітоўна ў такі важны момант на шляху яго паклікання прыбылі сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, моладзь, родныя і блізкія.

Казанне да прысутных прамовіў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён звярнуў увагу прысутных на пяць элементаў урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ў Апостальскай канстытуцыі Munificentissimus Deus абвесціў Папа Рымскі Пій XII у форме догмы падчас юбілейнага 1950 года. Кс. Віктар звярнуў увагу вернікаў, што вельмі важна імкнуцца быць падобнымі да Хрыста, адзначыўшы, што Марыя больш за ўсіх людзей была да Яго падобная. Гэта значыць, што набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі найбольш яднае нашу душу з Езусам.

Другім элементам, на які звярнуў увагу дэлегат, стала сцвярджэнне аб тым, што кожны з нас павінен быць свядомым у сваёй сувязі з Касцёлам. Сын Божы даверыў Панне Марыі сваіх грэшных вучняў. Сярод іх ёсць таксама месца і для кожнага з нас. І ўсе мы павінны трываць у адзінстве. 

Таксама кс. Віктар адзначыў, што кожны хрысціянін павінен выконваць Божую Волю. “Напэўна, Марыя і святы Юзаф будавалі планы на будучыню, але ў нейкі момант ім давялося шмат усяго змяніць. Каб атрымаць усё, Ёй давялося быць гатовай страціць многае, і Яна была гатова”, - дадаў святар.

“Важна мець у жыцці правільную перспектыву - кожны дзень майго зямнога жыцця набліжае мяне да смерці”, - працягнуў кс. Віктар, кажучы пра чацвёрты элемент урачыстасці Унебаўзяцця, які заклікае вернікаў памятаць, што гэты свет – не ўсё, што ў іх ёсць.  

На завяршэнне казання дэлегат адзначыў, што кожны з нас павінен памятаць пра апошнюю мэту – Змёртвыхпаўстанне. 

Пасля рэгіянальны настаяцель звярнуўся да маладога сабрата са словамі: “Дарагі Міша, зыходзячы з пяці элементаў сённяшняй урачыстасці, якія мы толькі што абмяркоўвалі, жадаю, каб ты заўсёды ў жыцці шукаў выканання Божай Волі, імкнуўся праз Марыю быць падобным да Хрыста, добрага Пастыра, і ніколі не страціў у сваім жыцці апошнюю мэту – Змёртвыхпаўстанне, бо менавіта гэтая збаўленчая таямніца з’яўляецца для нас, салезіянаў, цэнтрам нашай духоўнасці і крыніцай патрэбных у душпастырскай працы ласк!”

Пасля святой Імшы кл. Міхаіл падзякаваў бацькам, салезіянскай сям’і, моладзі і ўсім прысутным за супольную малітву і падтрымку, а таксама запрасіў усіх на пачастунак у араторый.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог чакае нашых спраў і дае сродкі, каб іх выканаць. Хто працуе для дасягнення Божай мэты, той мае права на гэтыя сродкі і можа быць упэўнены, што дасягне яе

Св. Ян Боско