Чацвер, 10 Чэрвень 2021 02:31

Удзельнікі “Савіо-клуба” з Мінску адпачылі ў Смаргоні

Аўтар

З 4 па 6 чэрвеня хлопцы і дзяўчаты “Савіо-клуба”, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, разам з аніматарамі, с. Юліяй Клевец FMA і кс. Алегам Каралёвым SDB адпачывалі у Смаргоні. Гэтыя дні сталі для групы добрай нагодай, каб пабыць разам, яшчэ лепш пазнаць адзін аднаго і працягваць будаваць каманду сяброў, якія імкнуцца да святасці на ўзор свайго нябеснага заступніка святога Дамініка Савіо.

У першы дзень “Савіо-клуб” наведаў сядзібу Міхаіла Клеафаса Агінскага у вёсцы Залессе. Там была магчымасць не толькі пагуляць і памаліцца разам, але і пазнаёміцца з асобай гэтага вялікага дзеяча і кампазітара. Вечарам усе з цікавасцю паглядзелі фільм, які распавядаў, як важна быць адной камандай, бо толькі аб’яднаўшыся, можна супрацьстаяць розным жыццёвым выпрабаванням. Па салезіянскай традыцыі дзень завяршыўся трыма “Вітай, Марыя” і слоўкам на добрую ноч.

Цэнтральным момантам другога дня стала Эўхарыстыя, падчас якой Яна Сячко склала абяцанне жыць па прыкладзе святога Дамініка Савіо, а усе члены суполкі з радасцю аднавілі свае абяцанні жыць у шчырай радасці, сяброўстве з Езусам і Марыяй і ў сумленным выкананні сваіх абавязкаў. Папаўненне радоў “Савіо-Клуба” – гэта Божы знак, што сярод нас ёсць моладзь, якая шукае Бога і прагне святасці. 

Пасля святой Імшы “Савіо-клуб” накіраваўся ў паход у лес. Увечары, ужо ў араторыі, дзяцей і аніматараў чакала цікавая гульня, падчас якой кожны член суполкі мог не толькі праявіць сваю крэатыўнасць, але і тыя якасці, якія неабходны, каб супрацоўнічаць і быць у групе разам. Дзень скончыўся простай, але глыбокай малітвай, падчас якой кожны ўдзельнік “Савіо-клуба” мог узнесці падзяку Пану Богу за гэты супольна праведзены час. 

У нядзелю пасля Святой Імшы і супольнага абеду ўдзельнікі “Савіо-клуба” падзякавалі усім, праз каго гэты адпачынак стаў магчымым, і стомленыя, але вельмі шчаслівыя вярнуліся дахаты.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Заўсёды прыступаючы да Святой Камуніі, старайцеся быць дарагімі Богу і людзям, а Святая Маці будзе прасіць вам аб гэтай ласцы, каб прынялі Святую Камунію ў канцы вашага жыцця.

Св. Ян Боско