Шматлікіх удзельнікаў урачыстай святой Імшы прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB: "Якім жа вымоўным і трафным з’яўляецца выбраны для святкавання юбілеяў дзень - урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая так прыгожа злучае і дапаўняе гэтыя дзве падзеі!"
Кс. Віктар адзначыў, што менавіта з культам Сэрца Езуса сцісла звязана таямніца Найсвяцейшага Сакрамэнта, у якім хрысціяне перажываюць жывую прысутнасць Хрыста! “Сэрца Езуса – гэта ўвасабленне Любові!” – дадаў святар.
Божае слова падчас Імшы прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх узгадаў гісторыю дзятлаўскай святыні, якую ў 1624 годзе пачалі будаваць па загадзе канслера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. За 375 год дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі перажыў шмат войн і некалькі пажараў.
"Сёння мінае 375 год ад таго моманту, калі сэрца чалавека дзятлаўскай зямлі ўзрушылася верай, – адзначыў біскуп Юзаф. - Сведкаў тых падзеяў ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз кроў у нашых жылах і лучнасць святых. «Неба і зямля праміне, але Мая любоў не праміне», - кажа Езус Хрыстус!"
Біскуп адзначыў, што на працягу тысячагоддзяў людзі імкнуліся схавацца ад мітусні гэтага свету ў цішыні Божага Сэрца. Дзякуючы працы і малітве нашых продкаў і сёння ў жыхароў і гасцей Дзятлава ёсць такая магчымасць. Але важна, адчыняючы дзверы свайго сэрца Хрысту, не забываць, што зараз шматлікія Яго адкідваюць. Мы павінны станавіцца праваднікамі Бога ў гэты свет, быць жывымі сведкамі Божай любові.
"Вяртацейся дамоў, каб будаваць сённяшні дзень з падзякай за гістарычнае ўчора, з марай аб прыгожай будучыні. Няхай Найсвяцейшая Дзева Марыя Унебаўзятая дасць нашым сэрцам адчуць гэтую прыгожую мелодыю прысутнасці Бога, гэтую атмасферу міру і любові, няхай Марыя паспрыяе, каб гэтая атмасфера чароўнай Божай дзятлаўскай мелодыі ўзаемнай любові і прабачэння напоўніла нас!" - такімі словамі скончыў сваю прамову біскуп Юзаф.
Пасля святой Імшы біскупы, святары, сёстры, прадстаўнікі розных галін салезіянскай сям’і і прысутныя вернікі выказалі самыя шчырыя віншаванні для шаноўнага юбіляра ксяндза Здзіслава Пікулы. Прыбылі з віншаваннямі таксама і вернікі з Варнянаў, з парафіі, у якой у 1989 годзе юбіляр распачаў душпастырскую працу на Беларусі.
Выказваючы словы віншаванняў юбіляру, біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў прысутных вернікаў і гасцей дзякаваць добраму Богу за такі велічны храм і за жыццё адданага святара, які ўжо не адзін год нясе ў ім душпастырскае служэнне.
Ад імя салезіянскай супольнасці Беларусі ксяндза Юзафа павіншаваў рэгіянальны настаяцель ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які адзначыў вялікі ўнёсак ксяндза Здзіслава для развіцця салезіянскай харызмы на нашай зямлі. “Кс. Здзіслаў, гледзячы на Вас і ведаючы Вашае палаючае дзеля Хрыста і збаўлення людзей сэрца салезіяніна, хочацца наўпрост выкрыкнуць: «Як добра, што мы ў сваім жыцці сустрэлі такога чалавека як Вы і маем у нашай кангрэгацыі такога сабрата!»”
Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі мясцовай свецкай улады. Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі звярнуўся да ксяндза Здзіслава са словамі: “Касцёл стаў месцам, куда людзі прыходзяць не толькі на споведзь, але і за падтрымкай, адказамі на важныя, глабальныя для чалавецтва пытанні. Вы пасяляеце ў нашы сэрцы веру і любоў да Бога”. Андрэй Садоўскі выказаў надзею, што ксёндз Здзіслаў будзе дапамагаць дзятлаўскім вернікам сваёй мудрасцю, малітвай і жыццёвым вопытам яшчэ не адзін год.
Ксёндз Здзіслаў Пікула SDB са свайго боку шчыра падзякаваў усім за прысутнасць і супольную малітву.
Пасля адбылося асвячэнне фігуры Марыі Унебаўзятай і памятнага юбілейнага камяня з нагоды 375-годдзя святыні і 100-годзя прысутнасці салезіянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.