Аўторак, 25 Май 2021 03:44

Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў Бараўлянах адбыўся сакрамэнт Канфірмацыі

Аўтар Святлана Радцэвіч
Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў Бараўлянах адбыўся сакрамэнт Канфірмацыі Фота Іван Іватовіч

23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў 19 вернікаў прынялі сакрамэнт Канфірмацыі, які ўдзяліў ксёндз біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам з ім канцэлебравалі св. Імшу кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дэлегат салезіянаў на Беларусі, і кс. Казімір Шыдэлко SDB, пробашч парафіі.

Напачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр адзначыў, што гэтая ўрачыстасць вельмі важная для нас, хрысціянаў, таму што ад моманту Спаслання Духа Святога нараджаецца Касцёл. Іерарх дадаў, што вельмі сімвалічна, што пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў гэтую ўрачыстасць 19 вернікаў прымаюць сакрамэнт хрысціянскай сталасці, які ахрышчаным удзяляе Езус Хрыстус, і просяць Духа Святога, каб надзяліў іх неабходнымі дарамі для прапаведвання Хрыста ў свеце. 

У гаміліі біскуп прапанаваў паразважаць над трыма сімваламі, якія суправаджаюць нядзельную літургію слова: павеў моцнага ветру, агонь і вада. Як адзначыў іерарх, гэтыя тры знакі з’яўляюцца сімваламі Духа Святога. Падчас прамовы ксёндз біскуп нагадаў, што Дух Святы не толькі быў ад самага пачатку падчас стварэння сусвету, але і зараз мы жывём у рэчаіснасці Яго прысутнасці. Біскуп Аляксандр пажадаў вернікам, а асабліва тым, хто ў гэты дзень прыняў сакрамэнт Канфірмацыі, каб яны смела сведчылі пра Бога ў сваім жыцці.  Ён параўнаў зямны шлях з самалётам, у якім заўсёды ёсць два пілоты: розум і Дух Святы. “Да сённяшняга дня кожны з кандыдатаў кіраваўся толькі адным памочнікам у жыцці — розумам, — сказаў іерарх. — Вы думалі пра ўсё самі, а з гэтага моманту ў кожнага з вас ёсць вялікі памочнік — Дух Святы.  Розум саступае Духу Святому, каб дапамагчы і каб кожны змог дайсці да мэты — Хрыста”. 

Напрыканцы Імшы кандыдаты, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, прачыталі малітву падзякі і просьбу да Духа Святога аб суправаджэнні кожнага на шляху да святасці: “Просім Цябе, Духу Святы…”.

Урачыстым благаслаўленнем завяршыўся важны момант у жыцці 19 парафіянаў. З гэтага моманту яны атрымалі вялікае заданне ў сваім штодзённым жыцці: “Выбіраць Бога і крочыць да Яго разам з Духам Святым, вызнаваць Хрыста і сваю веру ў Яго”.

Просім Цябе, Духу Святы, суправаджай і надавай сілы кожнаму з іх на шляху да Нябеснага Валадарства.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Хто прыступае да святой Камуніі з сэрцам, зняволеным задавальненнямі, і не падае з дзіцячым даверам у рукі Езуса, той не прынясе плёну, які, як мы ведаем з тэалогіі, з’яўляецца дарам святой Камуніі

Св. Ян Боско