Панядзелак, 24 Май 2021 06:17

У Мінску адзначылі ўрачыстасць Спаслання Духа Святога і свята св. Дамініка Савіо

Аўтар Сінькевіч Аліна, аніматар “Савіо-клуба”

23 мая ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы (Мінск) адзначылі адразу два святы: урачыстасць Спаслання Духа Святога і свята святога Дамініка Савіо, выхаванца Яна Боско, юнака, якога называюць гігантам духа за высокую ступень яго духоўнага жыцця і за імкненне быць святым.

Пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ўжо некалькі год вядзе сваю дзейнасць суполка “Савіо-клуб”, дзе падлеткі ад 10 да 13 гадоў вучацца па прыкладзе Дамініка Савіо ісці па жыцці дарогай святасці ў духу салезіянскай радасці і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Удзельнікі “Савіо-клуба” падчас святой Імшы ўпершыню склалі абяцанні, у якіх выказалі жаданне наследаваць прыклад святога Дамініка Савіо ў трох рэчах: шчырай радасці, сяброўстве з Езусам і Марыяй і ў сумленным выкананні сваіх абавязкаў.

Пасля святой Імшы ўсіх вернікаў на прыступках капліцы чакалі госці – ксёндз Боско і Дамінік Савіо, якія завіталі ў парафію, ведаючы пра тое, што тут дзейнічае “Савіо-клуб”. Дзеці і іх бацькі з радасцю шукалі рэцэпт святасці, які згубілі госці. Для гэтага ўсім, хто прыняў удзел у пошуках, прыйшлося прайсці шмат цікавых і вясёлых выпрабаванняў як інтэлектуальных, так і фізічных. Агульнымі намаганнямі былі знойдзены тры важныя словы, якія і з’яўляюцца цудадзейным рэцэптам: радасць, дапамога і абавязкі. Ксёндз Боско распавёў усім прысутным пра сапраўдную радасць, якую дае жыццё з Богам, пра ўменне і жаданне бачыць патрэбы іншых і быць гатовым ім дапамагчы, пра важнасць сумленнага выканання штодзённых абавязкаў. 

Удзельнікі “Савіо-клуба” завяршылі год прыгожымі абяцаннямі быць сапраўднымі паслядоўнікамі Дамініка Савіо і дапамагаць адзін аднаму і бліжнім ісці дарогай святасці.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Людзям хворым, якім наканавана цярпець ад пакутаў цялесных, дастаткова паслухмяна спаўняць указанні лекара і апекуноў, а таксама перажываць уласныя цярпенні ў супакоі і ў духу любові да Бога.

Св. Ян Боско