Нядзеля, 21 Сакавік 2021 21:48

Першы Дзень салезіянскай духоўнасці прайшоў у Беларусі

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

20 сакавіка ў салезіянскай парафіі імя св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся першы ў гісторыі Беларусі Дзень салезіянскай духоўнасці. На гэтую сустрэчу прыбылі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, прадстаўнікі салезіянаў супрацоўнікаў, ADMA і аніматараў з усіх дамоў салезіянскай прысутнасці ў нашай краіне.

Распачаўся дзень са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Падчас казання кс. Віктар разважаў над словамі Евангелля паводле святога Яна, і асаблівую ўвагу звярнуў на асобу Нікадэма, які задаваў пытанні Езусу, каб паглыбіць сваю веру. 

 

“Нікадэм уяўляе сабой свайго роду інтэлектуальны бок нашай веры. Супрацьдзейнічаючы "законным" сцвярджэнням фарысеяў, ён адкрывае іх крывадушнасць у захаванні закона”, - адзначыў рэгіянальны настаяцель.

“Дарагія браты і сёстры, сённяшні ўрывак Евангелля заахвочвае нас клапаціцца пра два асноўныя аспекты нашай веры. Мы павінны шукаць асабістай сустрэчы з Езусам і адначасова клапаціцца пра пазнанне праўд веры, якія таксама вядуць нас да Бога”, – падкрэсліў святар, адзначыўшы таксама і тое, як добра Евангелле дапасоўваецца да Дня салезіянскай духоўнасці.
Кс. Віктар адзначыў, што для салезіянскай сям’і з'яўляецца важным стварэнне супольнай асновы для правільнага разумення салезіянскай харызмы і духоўнасці. “Нам мала толькі спадзявацца на тое, што кожны з нас сам зразумеў іх і рэалізуе ў сваім жыцці. Тут дзейнічае такая ж самая канструкцыя, як у сённяшнім Евангелліі. Не хопіць толькі нашых асабістых пачуццяў, перажыванняў і разумення, нам патрэбны свайго роду салезіянскі Нікадэм, гэты інтэлектуальны элемент, які будзе пастаянна актуалізаваць і перакладаць салезіянскую харызму і духоўнасць на нашую беларускую рэчаіснасць”.

Пасля святой Імшы ўсе перайшлі ў будынак араторыя, дзе на працягу дня разважалі над дэвізам салезіянскай сям’і на 2021 год – “Натхнёныя надзеяй”, які пакінуў Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз Анхель Фернандэс Арцімэ SDB.

Дзякуючы розным дынамікам і супольнай працы, якія ўдзельнікам прапанавалі мадэратары сустрэчы ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB і сястра Юлія Клевец FMA разам з камандай, прысутныя змаглі глыбей паразважаць над сэнсам дэвіза, тымі заданнямі, які ён ставіць перад салезіянамі, і спосабамі яго рэалізацыі.

Дзякуючы праведзенай працы было сфарміравана больш глыбокае разуменне салезіянскай харызмы, а таксама выпрацаваны канкрэтныя крокі па яе рэалізацыі, якія будуць далей перадавацца ў салезіянскія супольнасці, бо з-за пандэміі колькасць удзельнікаў была значна зменьшана, прысутнічалі толькі прадстаўнікі канкрэтных галін. 

Ксёндз Віктар у сваім слове на завяршэнне сустрэчы адзначыў: “Сёння мы сталі заснавальнікамі вельмі патрэбнай і неабходнай ініцыятывы ў нашай краіне - Дня салезіянскай духоўнасці! Сёння мы стварылі рэчаіснасць, каб штогод супольна актуалізаваць дэвіз Генеральнага настаяцеля і яшчэ глыбей пазнаваць салезіянскую духоўнасць”.

Медыя

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Заўсёды старайся памяншаць колькасць ворагаў, а павялічваць кола сяброў, старайся ўсіх рабіць сябрамі Езуса Хрыста.

Св. Ян Боско