Аўторак, 02 Люты 2021 21:29

Салезіянская сям’я Белaрусі адзначыла ўрачыстасць св. Яна Боско

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

31 студзеня салезіянская сям’я ва ўсім свеце адзначае ўрачыстасць свайго заснавальніка святога Яна Боско. У кожным месцы прысутнасці салезіянаў на Беларусі таксама адбыліся святочныя мерапрыемствы. Адметным свята было таму, што ў 2021 годзе салезіяне распачынаюць святкаванне стагоддзя сваёй прысутнасці ў нашай краіне. Таму і падрыхтоўка да святкавання была асаблівай, напярэдадні свята ва ўсіх салезіянскіх парафiях адбыліся адмысловыя набажэнствы – Транзітус.

Транзітус – гэта малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога. Набажэнства такога тыпу мае свае карані ў францішканскай традыцыі.

Даслоўна “транзітус” азначае пераход, і ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераход душы ксяндза Боско ў радасць нябеснага Валадарства. Пераход, звязаны са смерцю, з’яўляецца пэўным сумам, бо асоба перастае жыць у зямных рэаліях, але для хрысціянаў гэта адначасова і вельмі радасны дзень, бо калі пераход здзяйсняе чалавек святы і чысты ў вачах Бога, ён нараджаецца для Неба.

Транзітус св. Яна Боско – гэта момант яго сустрэчы з Богам тварам у твар. Гэта важны момант, разважаючы над якім, удзельнікі набажэнства па прыкладу святога хочуць добра падрыхтавацца да свайго пераходу і мець у сэрцах за мэту толькі Божы Дом.

Набажэнства складаецца з трох частак: урачыстыя нешпары з урачыстасці святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў апошні дзень навэнны да св. Яна Боско і чытанне жыццяпісу апошніх дзён ксяндза Боско. Падзеі, даты і людзі, якія вернікі прыпаміналі падчас набажэнства, дапамаглі ім глыбей перажыць апошнія дні жыцця святога на зямлі.

Урачыстыя святыя імшы ў Бараўлянах, Смаргоні і Мінску ўзначалілі біскуп Казімір Велікаселец OP, біскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB адпаведна.

Падчас гамілій кожны біскуп разважаў над асобай і гісторыяй жыцця святога Яна Боско.

Біскуп Аляксандр, сэрца якога заўсёды застаецца з салезіянамi, узгадаў ахвярнае жыццё святога, які наследваў Езуса кожны свой крок на зямлі і не губляў ніводнай магчымасці зрабіць штосьці для збаўлення душ. І нават пасля смерці працягвае гэта рабіць праз сваіх духоўных сыноў і папераджальную сістэму выхавання. Напрыканцы гаміліі біскуп заклікаў усіх прысутных не змарнаваць намаганняў святога: “Будзем вучыцца прымаць маладых такімі, якімі яны ёсць, і як святы Ян Боско перамяняць іх на сапраўдных дзяцей Неба”.

Бiскуп Казімір Велікаселец заклікаў бараўлянскіх парафіянаў убачыць і наноў падзякаваць Богу за Яго дзеянне ў жыцці св. Яна Боско і ў той спадчыне, якую развіваюць яго духоўныя сыны і дочкі. Затым біскуп Казімір прапанаваў паразважаць над важнасцю пазнання Бога ў жыцці кожнага чалавека, аб шляхах гэтага пазнання і пладах, якія прыносіць жыццё, напоўненае верай у Бога. 

У Смаргоні біскуп Юзаф зрабіў актуальнае для зімы параўненне - вытаптаную ў снезе сцежку, якая дазваляе дайсці да мэты, са св. Янам Боско, які вытаптаў салезіянам шлях да сэрца маладога чалавека. Біскуп Юзаф падкрэсліў, што дзякуючы вопыту святога яго духоўныя сыны могуць здабываць душы для Неба.

На свята святога Яна Боско традыцыйна аднаўляюць свае абяцанні салезіяне супрацоўнікі – трэцяя галіна салезіянскай сям’і. У гэтым годзе да асацыацыі далучылася дзевяць новых членаў, семь у Бараўлянах і два ў Мінску. Яны склалі абяцанні жыць салезіянскай харызмай і ў духу святога Яна Боско клапаціцца пра збаўленне маладых душ.

Незвычайным у гэтым годзе стаў фармат традыцыйнага свята пасля святой Імшы. Пандэмія каранавіруса прынесла ў нашае жыццё шмат абмежаванняў і клопатаў, але таксама адкрыла вочы на новыя магчымасці. Дон Боско шоў адбылося праз дадатак ZOOM, у ім удзельнічалі ўсе тры салезіянскія дамы Беларусі. Падчас анлайн-сустрэчы ўсе удзельнікі змаглі ўпершыню ўбачыць дэвіз салезіянскай сям’і на 2021 год з перакладам на беларускую мову. Дэвіз “Натхнёныя надзеяй” стане праграмай для дзеяння на бягучы год. Да ўсёй салезіяскай Беларусі са словамі віншавання звярнуўся вікарый Генеральнага настаяцеля кс. Стэфано Мартольё SDB, які дваццаць год таму наведваў нашу краіну. 

 

Прысутным быў прадстаўлены трэйлер фільма да 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі. Таксама вернікам былі прэзентаваны салезіянскія кнігі, якія яны змогуць набыць. Напрыканцы сустрэчы да ўсіх са словамі віншавання звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Настаяцель яшчэ раз звярнуў увагу сваёй паствы на дэвіз і яго актуальнасць для беларускай салезіянскай сям’і: “Разважаючы над дэвізам Генеральнага настаяцеля на 2021 год, асаблівы год, калі мы як салезіянская сям’я будзем святкаваць юбілей 100-ддзя прысутнасці духоўных сыноў кс. Боско ў Беларусі, складваецца ўражанне, што тэматыка дэвіза – натхнёныя надзеяй – была выбрана выключна для нас, бо вельмі добра і дакладна пасуе кантэксту  жыцця і дзейнасці салезіянскай сям’і на Беларусі сёння.   

Надзея – слова, якое мае ў сабе нейімаверную сілу і матывацыю. Яна як кроў, яе не бачна, але яна ёсць. Надзея павінна быць, бо ў ёй жыццё. Без яе, хоць усё можа быць знешне цэлае, аднак будзе без жыцця. Надзея большая за аптымізм, які толькі ацэньвае і прадбачыць штосьці ў будучыні, надзея цалкам знаходзіцца ў чалавеку і асацыіруецца з адданасцю і даверам, робячы нас здольнымі да сапраўды чагосьці новага”. 

Таксама ксёндз Віктар падзякаваў паважаным біскупам за жаданне прысутнічаць на салезіянскай урачыстасці. Настаяцель салезіянаў выказаў словы ўдзячнасці кожнай галіне салезіянскай сям’і, усім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы і правядзенні свята, і, канешне, моладзі, дзеля якой б’ецца кожнае салезіянскае сэрца.

Пасля ўдзельнікі свята разам памаліліся традыцыйныя тры  “Вітай, Марыя”. Урачыстае благаслаўленне удзяліў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцезіі біскуп Казімір Велікаселец OP.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Самае найлепшае, што можна зрабіць у гэтым свеце, — гэта прывесці згубленыя душы на шлях цнотаў, што вядзе да Бога.

Св. Ян Боско