Панядзелак, 01 Люты 2021 21:43

Урачыстасць св. Яна Боско адзначылі ў Мінску

Аўтар Салезіянскі аніматар Дар’я Купцова
Салезіяне ва ўсім свеце 31 студзеня святкуюць ўрачыстасць св. Яна Боско – заснавальніка Кангрэгацыі. Таму і салезіянская сям’я Мінску 31 студзеня 2021 года ўспамінала любімага святога.
Напярэдадні ўрачыстасці вернікі парафіі ўдзельнічалі ў адмысловым набажэнстве Транзітус. Транзітус – гэта малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога. Набажэнства такога тыпу мае свае карані ў францішканскай традыцыі. Даслоўна “Транзітус” азначае пераход, і ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераход душы ксяндза Боско ў радасць нябеснага Валадарства. Пераход, звязаны са смерцю, з’яўляецца пэўным сумам, бо асоба перастае жыць у зямных рэаліях, але для хрысціянаў гэта адначасова і вельмі радасны дзень, бо калі пераход здзяйсняе чалавек святы і чысты ў вачах Бога, ён нараджаецца для Неба. Транзітус св. Яна Боско – гэта момант яго сустрэчы з Богам тварам у твар. Гэта важны момант, разважаючы над якім, удзельнікі набажэнства па прыкладу святога хочуць добра падрыхтавацца да свайго пераходу і мець у сэрцах за мэту толькі Божы Дом. Набажэнства складаецца з трох частак: урачыстыя нешпары з урачыстасці святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў апошні дзень навэнны да св. Яна Боско і чытанне жыццяпісу апошніх дзён ксяндза Боско. Падзеі, даты і людзі, якія вернікі прыпаміналі падчас набажэнства, дапамаглі ім глыбей перажыць апошнія дні жыцця святога на зямлі. Свята ў парафіі св. Яна Хрысціцеля распачалося ўрачыстай св. Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Падчас гаміліі біскуп падкрэсліў асобу св. Яна Боско як “падарунак для Касцёла ў XIX стагоддзі”, дадаўшы, што гэты святы працягвае быць “актуальным дарам Касцёла”. “Папа святы Ян Павел Ⅱ апублікаваў пасланне, дзе перад Касцёлам пацвердзіў, што ксёндз Боско з’яўляецца айцом і настаўнікам моладзі. У першай частцы гэтага тытула ёсць пэўная іронія – “айцец”. Ксёндз Боско асірацеў ва ўзросце двух гадоў, але, здаецца, гэта не паўплывала на яго. Магчыма, гэта нават быў штуршок, які дапамог яму стаць айцом для вялікай колькасці маладых людзей”, - сказаў біскуп Аляксандр пра ролю св. Яна Боско для кожнага маладога чалавека. Таксама вялікую ўвагу салезіянскі біскуп звярнуў на ахвярную працу ксяндза Боско па збаўленні маладых душ і на тую спадчыну якую ён пакінуў сваім духоўным сынам: “Святкуючы сёння свята ксяндза Боско ў юбілейны год Стагоддзя салезіянаў на Беларусі, мы запрашаемся да таго, каб паглядзець, што мы можам зрабіць, каб дабро мела найвышэйшае панаванне. Так, мы жывём у іншым свеце, але дзеці і моладзь па-ранейшаму зведваюць гвалт і духоўную беднасць па ўсім свеце. Мы таксама павінны ўбачыць, што загад Евангелля ратаваць дзяцей – гэта і наш абавязак.” Адным з важных і традыцыйных момантаў для салезіянскай сям’і падчас св. Імшы было аднаўленне абяцанняў салезіянаў супрацоўнікаў, члэнаў трэцяй, свецкай, галіны Кангрэгацыі. У гэтым годзе да салезінаў супрацоўнікаў у Мінску далучыліся Ксенія Русава і Аляксандр Дзёўкш, якія склалі абяцанні і выказалі жаданне дапамагаць маладым душам прыходзіць да Бога. Напрыканцы св. Імшы прысутным вернікам была прапанавана сцэнка пра жыццё св. Яна Боско, у якой удзельнічалі дзеці і моладзь. Таксама парафіяне павіншавалі кс. Аляксандра Мятліцкага SDB, дырэктара супольнасці салезіянаў у Міснку і пробашча парафіі, які 29 студзеня адзначаў свой дзень нараджэння. Пасля св. Імшы адбылося традыцыйнае Дон Боско шоў, але ў анлайн-фармаце з-за пандэміі каранавіруса. Праз праграму ZOOM мінчане змаглі злучыцца з араторыямі Смаргоні і Бараўлянаў і разам святкаваць. Падчас анлайн-сустрэчы ўсе удзельнікі змаглі ўпершыню ўбачыць дэвіз салезіянскай сям’і на 2021 год, які мае назву “Натхнёныя надзеяй”. Да ўсёй салезіяскай Беларусі са словамі віншавання звярнуўся вікарый генеральнага настаяцеля кс. Стэфано Мартольё SDB. Прысутным быў прадстаўлены трэйлер фільма да 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі. Таксама вернікам былі прэзентаваны салезіянскія кнігі, якія яны змогуць набыць. Напрыканцы сустрэчы да ўсіх са словамі віншавання звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які падкрэсліў і патлумачыў актуальнасць дэвізу салезіянскай сям’і на гэты год для Беларусі. Пасля ўдзельнікі свята разам памаліліся традыцыйныя тры “Вітай, Марыя”. Урачыстае благаслаўленне на канец удзяліў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцезіі біскуп Казімір Велікаселец OP, які пацешыў сваёй прысутнасцю салезіянскую парафію ў Бараўлянах.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Гаворачы пра важныя справы, сказаць, што «ідуць па-малу», азначае тое самае, калі б мы сказалі, што ўсё дрэнна

Св. Ян Боско