Панядзелак, 01 Люты 2021 21:29

Салезіянская сям'я Смаргоні ўрачыста адзначыла ўспамін св. Яна Боско

Аўтар Марта Адахоўская і Ева Багдзевіч, салезіянскія аніматары
31 студзеня – асаблівая дата для салезіянскай сям’і ўсяго свету, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіўся для вечнага жыцця св. Ян Боско. Cалезіянская сям’я Смаргоні пачала святкаванне напярэдадні ўрачыстасці набажэствам Транзітус.
Транзітус – гэта малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога. Набажэнства такога тыпу мае свае карані ў францішканскай традыцыі. Даслоўна “Транзітус” азначае пераход, і ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераход душы ксяндза Боско ў радасць нябеснага Валадарства. Пераход, звязаны са смерцю, з’яўляецца пэўным сумам, бо асоба перастае жыць у зямных рэаліях, але для хрысціянаў гэта адначасова і вельмі радасны дзень, бо калі пераход здзяйсняе чалавек святы і чысты ў вачах Бога, ён нараджаецца для Неба. Транзітус св. Яна Боско – гэта момант яго сустрэчы з Богам тварам у твар. Гэта важны момант, разважаючы над якім, удзельнікі набажэнства па прыкладу святога хочуць добра падрыхтавацца да свайго пераходу і мець у сэрцах за мэту толькі Божы Дом. Набажэнства складаецца з трох частак: урачыстыя нешпары з урачыстасці святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў апошні дзень навэнны да св. Яна Боско і чытанне жыццяпісу апошніх дзён ксяндза Боско. Падзеі, даты і людзі, якія вернікі прыпаміналі падчас набажэнства, дапамаглі ім глыбей перажыць апошнія дні жыцця святога на зямлі. Набажэнства ў Смаргоні ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Непасрэдна 31 студзеня вернікі парафіі Святога Міхала Арханёла сабраліся на ўрачыстую св. Імшу, каб аддаць пашану свайму апекуну і духоўнаму сябру, св. Яну Боско. Цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На пачатку Эўхарыстыі прывітаў іерарха пробашч парафіі і дырэктар смаргонскай супольнасці кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Падчас гаміліі біскуп Юзаф, разважаючы над асобай святога заступніка моладзі, параўнаў вытаптаную ў снезе сцежку, якая дазваляе дайсці ў зімку да мэты, са св. Янам Боско, які вытаптаў салезіянам шлях да сэрца маладога чалавека, і дзякуючы вопыту святога яго духоўныя сыны могуць здабываць душы для Неба. Такімі сцежкамі працягваюць весці моладзь да неба і сучасныя салезіяне, што добра бачна ў салезіянскай Смаргоні. Пасля прамоўленнай гаміліі салезіяне супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні надалей жыць у еднасці і служэнні Богу і моладзі ў салезіянскай харызме. Таксама былі прыняты шэсць новых кандыдатаў у аніматары, а іншыя аніматары аднавілі свае абяцанні. На заканчэнне біскуп Станеўскі асвяціў новую фігуру св. Яна Боско, якую ахвяравалі вернікі і якая ў хуткім часе будзе ўстаноўлена ў галоўны алтар мясцовага касцёла Святога Міхала Арханёла. Пасля Iмшы для вернiкаў была праведзена невялiкая праграма ў анлайн рэжыме. Усе араторыi Беларусі сустрэліся на прасторы ZOOM, каб павiншаваць адзiн аднаго са святам ксяндза Боско. Падчас прамой трансляцыі ўсё прысутныя мелі магчымасць глыбей пазнаёміцца з дэвiзам Генеральнага настаяцеля да салезіянскай сям’і ўсяго свету, перакладзеным на беларускую мову. Таксама сабраным быў прадстаўлены трэйлер гістарычнага фільма з нагоды юбілею 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі, які неўзабаве з’явіцца на тэлебачанні і прасторах інтэрнэта. Вялікім бонусам онлайн трансляцыі стала магчымасць пачуць слоўка ад рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB, які фізічне не змог бы асабіста прысутнічаць у кожным араторыі. Намеснік Генерала на нашай зямлі падзяліўся сваімі думкамі на конт дэвізу салезіян на 2021 год і яго актуальнасці для Беларусі ў перспектыве святкавання 100-годдзя прысутнасці салезіянскай сям’і на нашай Радзіме. “Ужо цяпер мы рыхтуемся перагарнуць новую старонку ў жыцці і дзейнасці салезіянскай сям’і на Беларусі і зрабіць першы крок у другое стагоддзе, у новае, неверагоднае падарожжа салезіянскай харызмы па нашай Бацькаўшчыне. Як кроў у нашых жылах, так і Божая Надзея напаўняе нашыя салезіянскія сэрцы” – адзначыў святар. Гэтыя разважанні дазволілі паглядзець на дэвіз з іншага ракурсу і больш блізка прыняць яго да свайго сэрца. На заканчэнне анлайн сустрэчы ўсе арторыі памаліліся разам традыцыйныя тры “Вітай, Марыя”. Пасля канферэнцыi ў ZOOM моладзь i дзецi смаргонскага араторыя паказалi сцэнку пра жыццё св. Яна Боско.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Які добры наш Пан — Ён ніколі не дазволіць, каб мы ў чым-небудзь мелі нястачу. Давайце служыць Яму з вялікаю ахвотаю. Давайце любіць Бога ў Тройцы адзінага. Любіць дзеля таго, што Ён — наш Айцец, наш Валадар, Ён — Любоў — адзін з сямі дароў.

Св. Ян Боско