Панядзелак, 01 Люты 2021 21:15

Урачыстасць святога Яна Боско адзначылі ў Бараўлянах

Аўтар Тэрэса Клімовіч
У бягучым годзе салезіяне на Беларусі адзначаюць 100 год прысутнасці на гэтых землях. Менавіта таму вернікі і душпастыры бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў асаблівым чынам перажылі сёлетні ўспамін св. Яна Боско.
Вернікі рыхтаваліся да падзеі праз Навэнну да св. Яна Боско, якой маліліся ў капліцы на св. Імшы, а тыя, хто не меў магчымасці прыходзіць, маглі маліцца з дапамогай анлайн-трансляцыі ўвечары. Напярэдадні ўрачыстыстасці, у суботу, 30 студзеня, моладзь парафіі падрыхтавала да св. Імшы спевы і чытанні. Падчас св. Імшы Мікалай Клімовіч і Ганна Кісель аднавілі свае абяцанні кандыдатаў у аніматары. У казанні кс. Віктар Гайдукевіч SDB прапанаваў глыбей паразважаць над салезіянскім дэвізам на гэты год – “Натхнёныя надзеяй”, а таксама пра сэнс і важнасць надзеі ў жыцці сучаснага чалавека. Пасля св. Імшы падчас выстаўлення Найсвяцейшага сакрамэнту ўсе прысутныя разам памаліліся Нешпары, а затым адбылося адмысловае набажэнства ў гонар св. Яна Боско – Транзітус, якое дало магчымасць асаблівым чынам наблізіцца духоўна да моманту “пераходу” святога з зямной рэчаіснасці ў Валадарства Нябеснае і завяршыла дзевяцідзённую навэнну. Набажэнства складаецца з трох частак: урачыстыя нешпары з урачыстасці святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў апошні дзень навэнны да св. Яна Боско і чытанне жыццяпісу апошніх дзён ксяндза Боско. Падзеі, даты і людзі, якія вернікі прыпаміналі падчас набажэнства, дапамаглі ім глыбей перажыць апошнія дні жыцця святога на зямлі. На ўрачыстую святую Імшу ў нядзелю, 31 студзеня, чакалі прыезду Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, які ўпершыню наведваў парафію ў Бараўлянах. Парафіяне на чале са сваім пробашчам кс. Казімірам Шыдэлкам SDB сустрэлі Яго Эксцэленцыю на парозе капліцы шчырым прывітальным словам і салодкім караваем. У сваім казанні біскуп Казімір на прыкладзе св. Яна Боско запрасіў вернікаў убачыць і наноў падзякаваць Богу за Яго дзеянне ў жыцці св. Яна і ў той спадчыне, якую развіваюць яго духоўныя сыны і дочкі. Затым біскуп Казімір прапанаваў паразважаць над важнасцю пазнання Бога ў жыцці кожнага чалавека, аб шляхах гэтага пазнання і пладах, якія прыносіць жыццё, напоўненае верай у Бога. Пасля гаміліі адбыўся абрад прыняцця сямі кандыдатаў у Аб'яднанне салезіянаў супрацоўнікаў, трэцяй галіны салезіянскай сям’і. Кандыдаты, фармацыя якіх працягвалася некалькі год, склалі абяцанні на рукі біскупа Казіміра Велікасельца, а Ірына Петрусевіч ASC, якая адмыслова прыбыла ў Бараўляны, каб падтрымаць кандыдатаў, аднавіла свае абяцанні як салезіянка супрацоўніца. Напрыканцы св. Імшы новапрынятыя салезіяне супрацоўнікі нашай парафіі звярнуліся да Яго Эксцэленцыі біскупа Казіміра, а таксама святароў парафіі, кс. Віктара Гайдукевіча SDB і кс. Казіміра Шыдэлкі SDB, са словамі падзякі за прысутнасць і прыклад служэння, які яны нясуць вернікам. Удзячнасцю і незвычайным падарункам супрацоўнікі ахінулі і Ірыну Петрусевіч, члена Рады салезіянаў супрацоўнікаў Беларусі, якая дапамагала ў іх фармацыі і падрыхтоўцы. Калі завяршылася святая Імша ўсе перайшлі ў бараўлянскі араторый, адзе адбылася другая частка святочнай праграмы - тэлемост з араторыямі Мінска і Смаргоні, падчас якога адбылася прэзентацыя дэвіза Генеральнага настаяцеля на 2021 год. Прагучалі словы віншавання вікарыя генеральнага настаяцеля кс. Стэфано Мартольё SDB. Таксама удзельнікі ўбачылі трэйлер фільма да 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі. Звярнуўся да сабраных таксама і рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які адзначаў свята з Бараўлянскай супольнасцю, але дзякуючы телемасту змог перадаць свае думкі кожнаму, хто захапляецца салезіянскай харызмай! Асаблівую ўвагу святар звярнуў на дэвіз які мы атрымалі з Генеральнага дому “Натхнёныя надзеяй”, і на яго актуальнасць у святкаванні стагоддзя прысутнасці салезіян на Беларусі. “Стоячы на парозе другога стагоддзя, усе мы, кожны член салезіянскай сям’і Беларусі, натхняецца менавіта такой надзеяй – Божай Надзеяй, а гэта значыць з сыноўяй адданасцю і бязмежным даверам да Пана Бога! Ужо цяпер мы рыхтуемся перагарнуць новую старонку ў жыцці і дзейнасці салезіянскай сям’і на Беларусі і зрабіць першы крок у другое стагоддзе, у новае, неверагоднае падарожжа салезіянскай харызмы па нашай Бацькаўшчыне. “ – падкрэсліў ксёндз Віктар і выказаў падзяку ўсім прысутным на свяце, шаноўным біскупам, святарам і сёстрам і канешне моладзі, а пасля запрасіў араторыі памаліцца традыцыйнымі трыма “Вітай Марыя”. Завяршылася сустрэча супольнай малітвай і благаслаўленнем ад біскупа Казіміра Велікасельца ОР. На памяць аб урачыстасці кожны жадаючы атрымаў бірульку з думкай св. Яна Боско.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско