Панядзелак, 25 Студзень 2021 16:28

Юбілей кс. Здзіслава Вэдэра SDB

Аўтар
85-годдзе ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB адзначылі ў Смаргоні 22 студзеня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося святкаванне 85-годдзя ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра SDB.
Ксёндз Здзіслаў Вэдэр большую частку свайго святарскага жыцця прысвяціў служэнню на пастве Божай як місіянер на Усходзе, дзе прымаў удзел у адраджэнні і ўзмацненні веры людзей пасля 70 гадоў атэізму. Вернікі смаргонскай парафіі, дзеці і моладзь ведаюць ксяндза Здзіслава як святара з адкрытым сэрцам, які нясе Бога праз сваё сціплае служэнне ў пакоры і сумленнасці. Таму ў гэтым годзе на святую Імшу сабралося шмат вернікаў Смаргоншчыны, якім ксёндз канонік прысвяціў ужо амаль 20 год свайго жыцця. Павіншаваць шаноўнага юбіляра прыбылі сабраты салезіяне з усёй Беларусі на чале з рэгіянальным настаяцелем ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB. Узначаліў святую Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які таксама прамовіў да сабраных гамілію. Біскуп прывёў прыклад з жыцця апостала Пятра, які ў сваім юнацтве больш думаў і клапаціўся пра сябе. І нават пайшоўшы за Хрыстом, жадаў уласных прыгод і поспехаў. Пералом ў жыцці святога Пятра адбыўся на Вялікім тыдні, калі ён прайшоў выпрабаванне на вернасць свайму Настаўніку. Так і жыццё юбіляра, па словах біскупа, можна ўмоўна падзяліць на два такія этапы. Дзяцінства і юнацтва ксяндза Здзіслава прайшлі ў ваенны і пасляваенны час, сям’я была шматдзетнай і вельмі пабожнай, атмасфера ў сям’і стварыла ўрадлівую глебу для плёну веры і святарскага паклікання. Другім этапам стала навучэнне ў салезіянскай семінарыі і святарскі шлях. Біскуп Аляксандр распавёў усю гісторыю жыцця ксяндза Здзіслава, напоўненую выпрабаваннямі, барацьбой з атэізмам і глыбокай верай і любоўю да моладзі. Узгадаў іерарх і свае асабістыя адносіны з ксяндзом Здзіславам і тое, які вялікі станоўчы ўплыў ён аказаў на фармаванне будучага біскупа. “Няхай дзякуючы Вам, ксёндз Здзіслаў, гэты свет, наш горад, парафія, манаская супольнасць, стануць лепшымі, а штодзённае жыццё – больш прыемнае і лягчэйшае. З юбілеем, з днём нараджэння, наш дарагі ксёндз Здзіслаў!” – такімі словамі завяршыў сваю гамілію біскуп Аляксандр. Пасля ўрачыстай святой Імшы адбыўся момант віншаванняў і падзякі. Біскуп Аляксандр прачытаў спецыяльны ліст з віншаваннямі ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча. Кс. Віктар Гайдукевіч SDB, складаючы віншаванні ад імя ўсіх сабратоў, зачытаў таксама спецыяльнае віншаванне ад інспектара Варшаўскай правінцыі кс. др. Тадэвуша Ярэцкага. Ад імя святароў смаргонскага дэканату прамовіў ксёндз дэкан Павел Калеснік. Затым сёстры, салезіяне супрацоўнікі, удзельнікі суполцы ADMA, усе парафіяльныя групы і моладзь склалі ксяндзу Здзіславу шчырыя віншаванні і пажаданні.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Араторый без музыкі, як цела без душы.

Св. Ян Боско