Свята адкрыцця араторыя распачалося святой Імшой, якую цэлебраваў ксёндз Казімір Шыдэлко SDB. Падчас казання ксёндз Казімір нагадаў, што нядзеля з’яўляецца днём, які варта прысвяціць Пану, а таксама звярнуў увагу бацькоў на тое, што неабходна даваць добры прыклад сваім дзецям адносна святкавання нядзелі.
Пасля святой Імшы дзеці з бацькамі накіраваліся да араторыя, дзе іх сустрэлі вядучыя: кандыдат у аніматары Святлана і незвычайны госць - святы Ян Павел ІІ. Удзельнікі свята прайшлі праз чатыры базы і сабралі думку святога Яна Боско, якая раскрывае сутнасць араторыя ў нашым жыцці: “Араторый – гэта дом, які прымае ўсіх; школа, якая рыхтуе да жыцця; двор для радасных сустрэч; касцёл, які евангелізуе”.
Напрыканцы журы вызначыла пераможцаў ў конкурсе на лепшую маску, а ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB скіраваў да прысутных слоўка, у якім пажадаў усім цаніць тое дабро, якое Бог нам дае. Свята скончылася супольным фотаздымкам і салодкім сталом.