Серада, 18 Снежань 2019 20:28

У Мінскім абласным клінічным шпіталі прайшла аплаткавая сустрэча

Аўтар

18 снежня ў Мінскім абласным клінічным шпіталі адбылася аплаткавая сустрэча з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Традыцыйна абласны шпіталь у Бараўлянах напярэдадні свята Божага Нараджэння прымае вернікаў на аплаткавай сустрэчы. Дзякуючы намаганням святароў салезіянаў, якія нясуць сваю паслугу ў бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў, у абласным шпіталі кожную сераду ў 17.00 цэлебруецца св. Імша.

Непасрэдна перад самой сустрэчай Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага прыняў у сябе галоўны ўрач шпіталя Дзяконскі Аляксей Казіміравіч. Пасля размовы арцыбіскуп пакінуў некалькі словаў на дрэве калядных пажаданняў, якое знаходзіцца ў галоўным фае шпіталя.

У зале, дзе адбылася аплаткавая сустрэча, Мітрапаліта ўжо чакалі шматлікія пацыенты і супрацоўнікі шпіталя. Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў прысутных і звярнуўся да іх з кароткай прамовай. Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на асобу святога Юзафа. З чалавечага пункту гледжання Юзафу было вельмі няпроста прыняць цяжарнасць Марыі, але ён у сваёй вялікай пакоры паверыў словам Арханёла Габрыэля. Таксама і мы павінны быць паслухмянымі Божаму закону і свайму пакліканню. Пакліканне ўрача – у любую хвіліну быць гатовым паехаць да хворага, і ў гэтым яно вельмі падобна да паклікання святара. Таксама Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, каб у святочнай мітусні, у наведванні супермаркетаў і кірмашоў, мы не забывалі пра галоўнае, пра нараджэнне Збаўцы!

Пасля адбылося асвячэнне і дзяленне аплаткай. Таксама біскуп Тадэвуш разам са святарамі наведаў хворых, якія з-за стану здароўя не змаглі ўдзельнічаць у сустрэчы.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Быць сябрам ксяндза Боско, гэта значыць дапамагчы збавіць тваю душу.

Св. Ян Боско