Панядзелак, 09 Снежань 2019 22:39

Успамін святога Мікалая адзначылi ў Мiнску

Аўтар

6 снежня адзначаецца літургічны ўспамін св. Мікалая. У мiнскай парафіі св. Яна Хрысціцеля прысутнасць гэтага святога адчувалася на працягу некалькіх дзён. У сам дзень успаміну пасля раратняй святой Імшы св. Мікалай сустракаў усіх вернікаў каля дзвярэй капліцы і частаваў цукеркамі. Як малыя, так і старэйшыя парафіяне выказвалі сваю радасць праз усмешкі, жарты і словы падзякі ў адрас святога.

8 снежня свята ў гонар святога Мікалая прайшло ў араторыі імя св. Яна Боско. Святочная праграма пачалася са святой Імшы, падчас якой кс. Алег Каралёў SDB разважаў з вернiкамi аб канкрэтных пастановах, якія дапамагаюць змагацца з грахом і дрэннымі справамі.

Свята працягнулася ў моладзевым цэнтры. Дзеці разам са св. Янам Боско, св. Францішкам і св. Маці Тэрэзай чакалі прыход св. Мікалая. Прысутныя на свяце нават наладзілі відэасувязь, каб даведацца, дзе знаходзіцца св. Мiкалай. Святыя праз гульні знаёмілі дзяцей са сваімі духоўнымі сем'ямі: францішканскай, салезіянскай і сям’і сясцёр міласэрнасці. Да ўдзелу ў гульнях далучыліся і бацькі, якія таксама з захапленнем чакалі прыходу шаноўнага госця. Святочная праграма скончылася прыездам св. Мікалая. Асаблівасцю сёлетніх святкаванняў сталi падарункі для самаго св. Мікалая - кожная прысутная сям’я падрыхтавала для свята сімвалы, якiя яе характэрызуюць.

Увечары св. Мікалай завітаў да моладзі. Цікавыя конкурсы і гульні стварылі цёплую атмасферу і падтрымлiвалi добры настрой удзельнікаў, якія з радасцю прывіталі святога, прадставілі яму падрыхтаваныя спевы і за гэта атрымалі ад яго салодкія пачастункі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе тыя, хто спаўняе пэўныя заданні, калі хоча, каб іх слухалі і шанавалі, няхай тое ж чыніць перад сваім кіраўніцтвам.

Св. Ян Боско