24 мая ў каталіцкім Касцёле адзначаюць свята Марыі Успамогі Хрысціянаў. Для Салезіянскай сям'і гэтае свята займае асаблівае месца, бо святы Ян Боско меў асабліва вялікую набожнасць да Марыі Успамогі, і ў Яе клапатлівыя рукі перадаў заснаванае таварыства. Таму вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэтае прыгожае свята Салезіянская сям'я Беларусі сабрала моладзь на #Bosco_Fest.
На распачацце Эўхарыстыі слова ўзяў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён прывітаў удзельнікаў Don Bosco Youth Fest і адзначыў шырокую геаграфію свята: больш за 120 чалавек са шматлікіх куткоў нашай краіны прыбылі сёння ў Смаргонь.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй гаміліі бiскуп звярнуў увагу на асобу Марыі і асабліва на тры аспекты, характэрныя для Маці Божай: яе вера, уменне слухаць Бога i ўменне нястомна разважаць над тым, што кажа Бог. "Марыя, перш чым зачала Езуса ў сваім улонні, ужо насіла яго ў сваім сэрцы!", - адзначыў біскуп Аляксандр.
Пасля святой Імшы ўдзельнікі #Bosco_Fest і вернікі парафіі Святога Міхала Арханёла прайшлі ўрачыстай працэсіяй па вуліцах Смаргоні, молячыся ружанец і праслаўляючы Панну Марыю.
Напрыканцы першага дня з традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч да ўдзельнiкаў фэсту звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ксёндз дэлегат падкрэсліў, што сёння была закладзена прыгожая традыцыя працэсіі з Марыяй Успамогай. Калі памерла мама Маргарыта, ксёндз Боско звярнуўся да Марыі Успамогі і сказаў, што зараз Яна будзе яму замест маці, яму і ўсёй Салезіянскай сям'і.
Потым моладзь разышлася на начлег, дзякуючы за перажыты дзень і чакаючы новы.