Серада, 23 Студзень 2019 13:06

Рознакаляровы твар ксяндза Боско

Аўтар Переклад: Кацярына Мурамская

Ёсць шмат дзіўных гісторый, якія нас суцяшаюць і натхняюць.
Шаноўныя сябры, сардэчна вас вітаю. Гэта маё пасланне на месяц студзень. Свята ксяндза Боско, калі на тое будзе Божая воля, я збіраюся святкаваць у Панаме. Жыхары Панамы так шануюць ксяндза Боска, што больш за 700 тысяч чалавек удзельнічае ў працэсіі на гэтае свята. Так! Лічба правільная – больш за 700 тысяч чалавек.

А за некалькі дзён да гэтага разам з маладымі людзьмі і Папам Францішкам мы прымем удзел у Сусветных Днях Моладзі.
Калі я пішу гэтыя радкі, то разважаю пра студзень – месяц, прысвечаны салезіянскай сям’і і ксяндзу Боско. Аднак гэта яшчэ і час, калі распачынаецца сход удзельнікаў Генеральнай рады на чале з Генеральным Настаяцелем. Галоўныя члены салезіянскай рады збіраюцца ў Рыме, каб зрабіць своеасаблівыя справаздачы пра свае візіты, здзейсненыя ў некаторыя з 1936 салезіянскіх пляцовак па ўсім свеце, на кожным кантыненце. Многія з членаў рады правялі чатыры месяцы з нашымі братамі ў адной з нашых правінцый.

Сустрэча распачалася размовай пра тое, як ідуць нашыя справы, як мы жывём і які вопыт здабылі на працягу гэтых апошніх месяцаў. Я атрымаў цудоўную магчымасць паслухаць шмат вельмі розных гісторый – цікавых, прыгожых, натхняльных, а часам і правакацыйных. Менавіта таму я выбраў такі загаловак для гэтага артыкула, бо сёння ксёндз Боско сапраўды мае “рознакаляровы твар”.

• Мы слухалі аповед аднаго з членаў рады пра тое, як у Якуцку, у цэнтры расійскай Сібіры, за 6000 кіламетраў на ўсход ад Масквы Салезіянская сям’я пабудавала дом для мясцовага насельніцтва, сярод якога вельмі мала хрысціянаў-католікаў (на самай справе, на святой Імшы ў нядзелю прысутнічала ўсяго 15 чалавек). Тым не менш, яны раздзяляюць штодзённыя радасці і цяжкасці гэтых людзей.

• Другі член рады падзяліўся ўражаннямі пра тое, як яго сэрца закранула гісторыя суправаджэння вельмі шматлікіх бедных сем’яў на Мексіканскай мяжы праз Нуэва-Ларэда, Сьюдад-Хуарэс і Тыхуану. Ён расказваў, як салезіяне жывуць там, каб падтрымліваць гэтыя сем’і, вучыць іх дзяцей, дапамагаць ім пазбягаць ужывання наркотыкаў, засцерагаць ад прастытуцыі.

• Я з цікавасцю слухаў, як яшчэ адзін з нашых салезіянскіх братоў распавядаў пра свой візіт у Нігерыю, Гану і Сьера-Леонэ. У апошняй з названых краін салезіяне суправаджаюць маладых людзей, якія сядзяць у турме – так, як і кс. Боско апекаваў 170 гадоў таму турмы для маладых людзей у Турыне. Гэты вопыт, атрыманы кс. Боско, калі ён быў яшчэ маладым святаром, так яго ўразіў, што выклікаў моцны боль страўніка. Тады ксёндз вырашыў, што павінен зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць паўторнае вяртанне маладых мужчын і хлопцаў у гэтае месца. Сёння ў названых афрыканскіх краінах сітуацыя не лепшая, чым была пры кс. Боско. Маладыя людзі таксама з нецярплівасцю чакаюць штодзённага візіту іх салезіянскіх сяброў.

• Я пацікавіўся пра нашую дзейнасць у іншых афрыканскіх краінах, якія я наведваў і дзе мы даём прытулак хлопчыкам і дзяўчынкам, выкрадзеным з мэтай трансплантацыі іх жыццёва важных органаў. Дзякаваць Богу, дзеці былі ўратаваны паліцыяй, а нас папрасілі паклапаціцца пра іх, пакуль не знойдуцца сем’і пацярпелых. Гэтыя дзеці і падлеткі часта застаюцца з намі на працягу многіх гадоў.

• Потым я падзяліўся сваім досведам, які атрымаў падчас паездкі ў Карэю. Там хлопцы – звычайна падлеткі і маладыя людзі, якія былі асуджаны за нязначныя злачынствы – жывуць у салезіянскіх дамах, як у сапраўдных сем’ях. Замест таго, каб быць адпраўленымі ў месцы пазбаўлення волі, яны трапляюць на некалькі месяцаў ці гадоў у салезіянскі дом, які забяспечвае праграму рэабілітацыі. Я быў вельмі ўсцешаны, калі пачуў ад траіх суддзяў, што больш чым 85% гэтых маладых мужчын і хлопцаў канчаткова рэабілітаваліся і больш не вяртаюцца да правапарушэнняў. Гэта іншы твар кс. Боско сёння – на гэты раз з азіяцка-карэйскімі асаблівасцямі.

Пачутыя гісторыі ўразілі мяне. Ксёндз Боско павінен быць шчаслівы, гледзячы на сваіх сыноў і дачок у Салезіянскай сям’і, што і сёння імкнуцца быць вернымі справе, якую з Божай дапамогай ён развіваў. Я адчуваю вялікую радасць, калі слухаю ўсе гэтыя аповеды – а яны з’яўляюцца толькі вярхушкай айсберга – пра вялікае дабро, што робіцца для вельмі многіх людзей. Гэта прымушае мяне думаць, што сёння твар кс. Боско такі, якім яго нават ён сам не мог уявіць.

Я дзялюся гэтымі звесткамі з табою, мой любы чытач, бо веру, што мы павінны распаўсюджваць добрыя навіны пра важныя падзеі, якія адбываюцца і будуць адбывацца. Добра сказана ў адной кітайскай прыказцы: “Адно дрэва, якое падае, робіць намнога болей шуму, чым цэлы лес, які расце”. І гэта сапраўды так. Вось і я падзяліўся разважаннямі, якія з’яўляюцца толькі маленькай часткай ціхага росту ў нашым лесе.

Жадаю вам радаснага святкавання! Мы будзем пра вас памятаць у Панаме, сярод цудоўнага мноства маладых людзей.

З любоўю, кс. Анхель

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Каб нашы ўчынкі былі добрыя, трэба мець трошкі адвагі, цярпліва пераносіць усе нястачы, ніколі нікога не крыўдзіць і заўсёды любіць.

Св. Ян Боско