Серада, 11 Ліпень 2018 22:16

“Сабраты ў фармацыі”: Міхаіл Вішнеўскі

Аўтар

Працягваем знаёміць вас з праектам “Сабраты ў фармацыі”. На гэты раз сваёй гісторыяй з чытачамі нашага сайта дзеліцца навіцый Міхаіл Вішнеўскі, які зараз удасканальваецца ў пакліканні ў Славакіі.

Пад час распазнання паклікання і ўмацавання ў ім Божы Провід прывёў мяне да салезіянскага навіцыяту імя благаслаўлённага Філіпа Рынальдзі ў горадзе Попрад (Славакія).

Непасрэдна перад навіцыятам неабходна прайсці спецыяльную падрыхтоўку, каб умацаваць свабодны выбар паклікання і пераканацца ў прыдатнасці да распачацця такога значнага кроку ў жыцці. Я праходзіў падрыхтоўку ў супольнасці прэнавіцыяту ў Мінску, потым удасканальваў сваю славацкую мову ў прэнавіцыяце ў Кошыцэ (Славакія).

У навіцыяце кандыдат распачынае салезіянскае манаскае жыццё. З дапамогай магістра навіцый паглыбляе матывацыі ўласнага выбару, пераконваецца ў сваёй здольнасці рэалізаваць салезіянскае пакліканне і бярэ курс на поўнае ахвяраванне сябе Богу дзеля служэння моладзі ў духу святога ксяндза Боско. Навіцыят доўжыцца год. Калі за гэты час кандыдат упэўніўся ў сваім салезіянскім пакліканні, то складае першыя манаскія абяцанні.
Галоўнымі мэтамі навіцыяту з’яўляюцца:

  • пазнанне Божай волі ў распазнанні свайго паклікання;
  • пазнанне і асіміляванне асноўных каштоўнасцяў манаскага пасвячэння;
  • пазнанне харызмы заснавальніка;
  • ачышчэнне і паглыбленне матывацый;
  • асабісты вопыт жыцця ў служэнні іншым.

Навіцыяту Попрадзе - адзін з чатырох салезіянскіх навіцыятаў ва ўсёй Еўропе. Два знаходзяцца ў гарадах Чынзана і Пінерола (Італія), адзін - у горадзе Копец (Польша).

Навіцыят у Попрадзе з’яўляецца міжнародным, у ім пачатковую фармацыю праходзяць кандыдаты з трох інспекторый: славацкай, чэшскай і ўкраінскай (грэка-каталіцкага абраду), а таксама з беларускай дэлегатуры. У гэтым годзе міжнародны характар навіцыяту быў найбольш адчувальны: 15 жніўня 2017 года навіцыят распачалі два чэхі, адзін беларус і адзін расіянін, які прыехаў з Рэспублікі Якуція, дзе славацкая інспекторыя мае місію.

Звычайны дзень у навіцыяце вельмі насычаны. Пачынаецца ён у 6:30 малітвай, святой Імшой і медытацыяй над Божым Словам. Узмацніўшыся духоўна, мы ідзём насыціцца і фізічна. Пасля снядання займаемся прыбіраннем дома, што таксама з’яўляецца часткай фармацыі. У 8:45 пачынаюцца заняткі. Большую частку лекцый чытае магістр, які выкладае асновы манаскага жыцця, закранаючы таксама тэмы, якія дазваляюць лепш распазнаць пакліканне. Яшчэ з магістрам мы вучым Канстытуцыю і Агульныя правіла Таварыства святога Францішка Сальскага. Некаторыя артыкулы з Канстытуцыі навіцыі вучаць на памяць. Гэта важна, таму што паводле іх навіцыі будуць жыць, калі складуць першыя манаскія абяцанні.

Браты з супольнасці таксама ўдзельнічаюць у навучанні навіцыяў. Яны падрабязна выкладаюць жыццё дона Боско і іншых святых Салезіянскай сям’і, Катэхізіс Каталіцкага касцёла, літургіку, пастарацыю моладзі, спеў і італьянскую мову. Пасля абеда навіцыі разам з супольнасцю ўдзельнічаюць у духоўным чытанні. Потым па раскладзе — спорт або фізічная праца (у залежнасці ад дня тыдня). Таксама займаемся саманавучаннем, пад час якога чытаем фармацыйную літаратуру. Увечары супольна молімся на ружанцы, а пасля вячэры маем крыху вольнага часу. У 21:00 молімся нешпары, пасля іх — слоўка на добрую ноч, а потым - silencium (святая цішыня).

Акрамя вучобы і працы навіцыі таскама займаюцца апостальскай дзейнасцю з дзецьмі і моладдзю. Магістр кажа, што апасталат у навіцыяце з’яўляецца малой “спартыўнай пляцоўкай”, на якой трэба гуляць тэхнічна. Апасталат абмежаваны, каб навіцый меў час на ўнутранную цішыню і асабістую малітву, якія дапамагаюць у распазнанні паклікання. У пятніцу пасля абеда мы праводзім катэхезу для хлопцаў, якія рыхтуюцца да Бежмавання. Потым разам удзельнічаем у святой Імшы, а пасля гуляем у розныя спартыўныя гульні. У нядзелю ў другой палове дня гуляем з моладдзю ў футбол, хакей або валейбол. Затым супольна молімся на ружанцы і адзін з навіцыяў кажа слова на добрую ноч. Таксама рыхтуем розныя акцыі для моладзі, скіраваныя на распазнанне паклікання.
Для мяне навіцыят з’яўляецца благаслаўлённым часам, які, безумоўна, даў шмат для майго духоўнага ўзросту. Я маю час на асабістую малітву, разважанне над тым, як моцна мяне любіць Пан Бог і да чаго кліча. Гэта час, калі я ўзмацняю любоў да Бога і прымаю Ягоную любоў да мяне.

У адказ на Божую любоў і заклік Хрыста ісці за Ім хачу скласці свае першыя манаскія абяцанні ў Таварыстве святога Францішка Сальскага. І прашу вас аб малітве, каб на гэтым шляху вытрымаў да канца і быў верным сынам дона Боско.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, што ўшанаванне нядзельных свят прыносіць Божае благаслаўленне на ўсе справы тыдня.

Св. Ян Боско