Аўторак, 19 Люты 2019 07:42

Дні духоўнай адновы для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў прайшлі ў Тракелях

Аўтар Старшыня ADMA у Смаргоні – Наталля Субко

16 і 17 лютага адбыліся чарговыя дні духоўнай адновы для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA). Разам з духоўным кіраўніком с.Веранікай Блізнюк FMA група наведала дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Воранаўскі дэканат).

Сустрэча распачалася канферэнцыяй на тэму “Споведзь”. Сястра Вераніка прапанавала паразважаць над тым, як чалавек ставіцца да сакраманту пакаяння, як выкарыстоўвае гэты неацэнны дар Пана Бога. “Чым глыбейшы дыялог чалавека з Богам, тым мацней адчуваецца грэх.

Сакрамант пакаяння павінен прывясці да аб’яднання чалавека з Айцом”, – адзначыла с. Вераніка. Духоўны кіраўнік звярнула ўвагу жанчын на тое, што неабходна асцерагацца адчаю, сораму перад людзьмі, сораму перад святаром, а таксама памятаць, што знакам міласэрнасці Божай можа быць і заўвага, выказаная з любові да чалавека.

Адным з абавязкаў членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў з’яўляецца ружанцовая малітва. У гэты дзень словы “Вітай, Марыя...” гучалі на вуліцы каля старажытнай святыні ў Тракелях.

Наступны крок – супольнае чуванне групы у касцёле, падчас якога дзякуючы прыкладу св. Тэрэзы Авільскай, св. Францыска Сальскага і апостала Мацвея разважалі аб малітве, аб неабходнасці індывідуальнай і супольнай малітвы ў жыцці кожнага чалавека.

У канцы першага дня члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў сабраліся разам з парафіянамі Тракеляў на Эўхарыстыі. Кожную суботу - дзень, прысвечаны Маці Божай, - пробашч парафіі кс. Юрый Беганскі моліцца ў інтэнцыях пілігрымаў. Гэта стала вялікай радасцю для членаў ADMA са Смаргоні: вельмі шмат інтэнцый было зложана на рукі кс. Юрыя Беганскага, які паабяцаў усё перадаць Маці Божай Тракельскай.
Нядзеля распачалася супольнай Эўхарыстыяй, а затым с. Вераніка Блізнюк FMA пазнаёміла беларускіх жанчын са Смаргоні з маладой італьянкай з Рыма – Кьярай Корбэлла, якая адышла ў дом Айца ў 2012 годзе. Было прапанавана паразважаць над яе жыццём, над тым, як яна адносілася да сваіх дзяцей, да жыццёвых цяжкасцяў. Кожная ўдзельніца канферэнцыі, нават тая, якая яшчэ не мае дзяцей, дзякуючы ласцы Пана Бога знайшла ў жыцці гэтай маладой італьянкі адказы на свае асабістыя пытанні.

Акрамя сапраўднай сур’ёзнай духоўнай адновы гэтыя дні сталі днямі сямейнага адпачынку, праніклівых размоў і жартаў, днямі, дзе мелі месца і слёзы ад смеху, і слёзы ад горкіх успамінаў, днямі, калі можна гаварыць, не саромеючыся, калі прыгатаванне вячэры – у радасць, а ранішняя кава – не на бягу, а разам з блізкімі людзьмі.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе нашы здольнасці і намеры, уся наша праца і цярпенні, усе намаганні будуць мець сэнс толькі тады, калі мы будзем рабіць гэта на хвалу Бога

Св. Ян Боско