Фармат правядзення суперкубка складаецца з дзвюх сустрэч, за перамогу ў ім змагаюцца дзве каманды: пераможцы “Кубка Дона Боско”, турніру па мікра-футболе, які праводзіцца ў Мінску, і пераможцы “Кубка Салезіянскага араторыя”, які праводзіцца ў Смаргоні. У гэтым годзе пераможцамі мясцовых спаборніцтваў сталі каманды “Землякі” і “Маладыя”.
Першая гульня адбылася 9 лютага ў Мінску, там перамогу з лікам 4:1 атрымалі гаспадары пляцоўкі “Землякі”. 16 лютага каманды зноў сустрэліся на футбольным полі, ужо ў Смаргоні, і на гэты раз перамогу з лікам 3:6 атрымалі таксама “Землякі”.
Такім чынам, “Землякі” сталі другім уладальнікам салезіянскага суперкубка, у мінулым годзе гэты трафей заваявалі хлопцы з каманды “Вінегрэт”, якая была лепшай на турніры “Кубак Дона Боско”, а ў суперкубку перамагла каманду “Bosco”.
Так завяршыўся сёлетні футбольны салезіянскі сезон, зараз хлопцы могуць прыходзіць на спартыўныя пляцоўкі і ў араторыі для таварыскіх сустрэч і трэніровак.
Далей нас чакае турнір для падлеткаў “Кубак Дамініка Савіо”, які адбудзецца ў Мінску.