Аўторак, 29 Студзень 2019 22:04

Свята ў гонар св. Яна Боско адбылося ў Бараўлянах

Аўтар

27 студзеня ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбылося свята, прысвечанае святому Яну Боско. Назва свята была сугучна з дэвізам Генеральнага настаяцеля на 2019 год: “Святасць таксама і для цябе”.

Свята распачалося святой Імшой, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Падчас казання іерарх звярнуў увагу прысутных на еднасць Салезіянскай сям’і, адзначаючы, што ўсе разам - святары, сёстры і салезіяне супрацоўнікі - выконваюць давераную ім міссію, як часткі аднаго цела. Таксама біскуп падзякаваў салезіянам за працу, якая праводзіцца з моладдзю і запрасіў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

Пасля святой Імшы гасцей і ўсіх прысутных чакаў працяг святкавання ў араторыі святога Дамініка Савіо. У салезіянскай радасці і з добрым настроем усе раптам апынуліся на небе, на сходзе салезіянскіх святых. Сам ксёндз Боско распавёў сваім сябрам, што ён бачыў падчас свайго падарожжа ў Бараўляны.

Моладзевы гурт “Крылы” парадаваў прысутных сваім спевам, маленькія дзеткі выканалі танец і песню, сцэнку падрыхтавалі салезіяне супрацоўнікі, была магчымасць паказаць і паглыбіць свае веды праз удзел у віктарыне пра жыццё святога Яна Боско, паглядзець фокусы. Таксама былі падведзены вынікі фотаконкурсу “Святасць магчыма і для цябе”.

Скончылася свята традыцыйным слоўкам на добрую ноч, якое прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Нагамі хадзіце па зямлі, а сэрцам жывіце ў небе

Св. Ян Боско