Чацвер, 18 Кастрычнік 2018 01:07

У мінскім араторыі адзначылі свята матуль

Аўтар

14 кастрычніка ў мінскім араторыі св. Яна Боско пра парафіі св. Яна Хрысціцеля адзначылі свята маці. Для дзяцей святкаванне распачалося святой Імшой, падчас якой кс. Аляксандр Мятліцкі SDB, звяртаючыся да дзяцей, заахвочваў іх да сумеснай малітвы ў сваіх сем’ях. Акурат у гэты час парафію наведвае фігура св. Міхала Арханёла. Таму праз казанне кс. Аляксандр запрашаў дзяцей як найчасцей звяртацца разам з бацькамі да святога Арханёла за дапамогай у барацьбе са злом.

Пасля святой Імшы дзеці і іх маці накіраваліся ў араторый на святкаванне, дзе кожная матуля разам з прысутнымі дзецьмі, удзельнічаючы ў розных конкурсах, змагла паказаць свае жаночыя якасці і здольнасці. Напрыканцы свята дзеці выказалі сваім мамам і бабулям святочныя віншаванні, а маці ў сваю чаргу падзяліліся з прысутнымі дзяўчынкамі парадамі для будучых мам. Свята завяршылася традыцыйным слоўкам, у якім кандыдат у аніматары Кірыл Рудовіч яшчэ раз нагадаў дзецям пра важнасць маці ў жыцці кожнага, падзяліўся сваім асабістым сведчаннем і пакінуў маленькім вернікам невялікае заданне да выканання. Пасля гэтага ўсе прысутныя разам памаліліся за сваіх матуль.

Увечары на святкаванне сабралася таксама і моладзь. Хлопцы падрыхтавалі цікавую праграму, каб павіншаваць “духоўных мам” – сясцёр, а таксама ўсіх дзяўчат – будучых мам. Гульні, спевы, словы віншаванняў, смачныя самавыпечаныя торты былі падсумаваныя словамі падзякі з боку сясцёр і дзяўчат, а таксама слоўкам кс. Паўла Шчарбіцкага SDB, у якім ён падкрэсліў важнасць дару мацярынства і адказнага падыходу да яго з боку кожнай дзяўчыны. Вечар скончыўся супольнай малітвай.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Перш чым узяцца за якую-небудзь справу, будзь упэўнен, што яна згодна з воляй Бога. Калі Пан Бог пажадае, будзеш мець адвагу, пераадолееш перашкоды і ўсе цяжкасці, якія спаткаеш на тым шляху

Св. Ян Боско