Чацвер, 18 Кастрычнік 2018 00:45

Рэкалекцыі РДС для моладзі прайшлі ў Мінску

Аўтар Салезіянскія аніматары Кацярына Пячынская і Дар’я Купцова

З 13 па 14 кастрычніка 2018 года ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско (парафія св. Яна Хрысціцеля) прайшлі рэкалекцыі “Разважанні аб добрай смерці”. Падчас рэкалекцый пятнаццаць удзельнікаў з розных куткоў Беларусі пры дапамозе кс. Паўла Шчарбіцкага SDB, с. Тэрэсы Сольнічэк FMA, с. Дар’і Еўтухоўскай FMA і с. Юліі Клявец FMA разважалі над тэмай "Настаўнік, што мне зрабіць?"

У першы дзень удзельнікі змаглі добра правесці час праз гульні, смачную вячэру і канферэнцыю. Падчас канферэнцыі, якую праводзіла с. Юлія Клявец FMA, моладзь разважала аб сямі ключавых словах дакумента “Instrumentum Laboris”, які прызначаны для дапамогі біскупам на Сінодзе, прысвечаным моладзі. Разважалі над словамі “слуханне”, “суправаджэнне”, “зносіны”, “распазнанне”, “праблемы”, “пакліканне”, “святасць”. Таксама ў гэты дзень у моладзі была магчымасць памаліцца каля Найсвяцейшага Сакрамэнта.

У нядзелю ў удзельнікаў РДС была магчымасць падрыхтавацца да св. Імшы, разважаючы над Словам Божым пры дапамозе кс. Паўла Шчарбіцкага SDB. Таксама быў момант цішыні для асабістага разважання.
Кульмінацыяй рэкалекцый была св. Імша, якую цэлебраваў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. У казанні кс. Павел адзначыў, што часам чалавек, прыходзячы на св. Імшу, выконвае пэўную “сістэму рухаў і слоў”, не ўсведамляючы, што падчас св. Імшы знаходзіцца каля самаго Езуса Хрыста. Святар заклікаў прысутных, каб усе моманты св. Імшы былі для верніка жывымі.

Пасля св. Імшы моладзь накіравалася ў араторый, каб падвесці вынікі і выказаць падзяку ўсім, хто дапамагаў падчас рэкалекцый.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Езус Хрыстус узышоў да неба і сказаў: “Я іду падрыхтаваць Вам царства”. Калі мы маем царства, прыгатаванае ў небе, павінны прымаць за марнасці рэчы гэтага свту. Гэта вялікае чуцяшэнне для нас,  што мы маем ужо прыгатаванае мейсца для нас.

Св. Ян Боско