Панядзелак, 13 Жнівень 2018 15:15

Два дні разам з Папам

Аўтар

У рамках падрыхтоўкі да Сіноду біскупаў па тэме "Моладзь, вера і распазнанне паклікання" 11 і 12 жніўня папа Францішак сустрэўся з італьянскай моладдзю. На сустрэчу сабралося каля 70 тысяч маладых людзей, большая частка якіх прыбыла пешшу (маладыя людзі пілігрымавалі праз вядомыя санктуарыі Італіі).

 

На гэтым спатканні пашчасціла паўдзельнічаць таксама нашым братам і сёстрам з Беларусі.

"Мы тут: праз тысячу шляхоў" ("Siamo qui: per mille strade") - гэта дэвіз усёй сустрэчы, які з'яўляецца выразам уласнага жадання моладзі пражыць жыццё недарэмна, знайсці свой шлях і адкрыць для сябе Божы план.  

Сустрэча распачалася ў Circo Massimo з пытанняў, якія задавала моладзь, прадстаўляючы свае патрэбы, страхі і чаканні. Папа Францішак, адказваючы на пытанні, заклікаў маладых людзей мець вялікія мары і не адмаўляцца ад іх і, нягледзячы на цяжкасці, рызыкаваць і імкнуцца іх рэалізаваць.

Працягваючы дыялог, Пантыфік падкрэсліваў важнасць любові ў жыцці маладога чалавека, але любові сапраўднай, якую трэба навучыцца адрозніваць ад простага энтузіазму. "Сапраўдная любоў не можа быць частковай, або ўсё, або нічога. Любоў павінна быць шчырай, адкрытай і адважнай", - адзначыў папа Францішак.

Таксама было закранута пытанне Касцёла і яго адкрытасці на патрэбы бліжняга. "Касцёл без сведчання - гэта толькі дым, - сказаў Папа. - Сам Езус вучыць нас выйсці па-за межы свайго эгаізму, выйсці на шлях і стаць сапраўднымі сведкамі".

Сустрэча працягвалася малітоўным чуваннем і святочнай праграмай. Уначы дзверы шматлікіх касцёлаў Рыма былі адкрытыя для чування, адарацыі, споведзі і культурных хрысціянскіх праграм.

У нядзелю 12 жніўня адразу пасля святой Імшы Папа з'явіўся на плошчы св. Пятра. Вандруючы на сваім аўтамабілі сярод натоўпу людзей, папа Францішак вітаў усіх прысутных, благаслаўляў дзяцей і атрымліваў вітанні ад моладзі. Пасля Папа звярнуўся да сабраных на плошчы з прамовай.

"Адмаўляйцеся ад зла, - казаў Папа, - гэта значыць – кажыце «не» спакусам, граху, сатане. Больш канкрэтна неабходна казаць «не» культуры смерці, якая праяўляецца праз адыход ад рэальнасці да фальшывага шчасця, выражанага ў зайздрасці, падмане, несправядлівасці, непавазе да іншага. Усяму гэтаму – «не»".

Папа адзначыў, што ў пасланні да Эфесцаў св. Павел заклікае выкінуць са свайго сэрца горыч, раздражненне, гнеў, крык, блюзнерства, злосць (Эф 4,31). Гэтыя элементы турбуюць радасць Духа Святога, атручваюць сэрца і вядуць да праклёну Бога і бліжняга.

"Недастаткова не рабіць злога, каб быць добрым хрысціянінам, - кажа Папа Францішак і цытуе св.Паўла, - "Будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам".

Пад час сваёй прамовы Папа некалькі разоў паўтараў словы св. Альберта Уртада: "Добра не рабіць злога, але дрэнна не рабіць дабро" ("È buono non fare il male, ma è male non fare il bene").

Напрыканцы сваёй прамовы Папа звярнуўся да моладзі з заклікам: "Будзьце пратаганістамі ў добрых справах, ... недастаткова не мець нянавісці, неабходна прабачаць, недастаткова не быць прычынай падзелу людзей, трэба несці супакой туды, дзе яго няма, недастаткова не прамаўляць дрэнна пра кагосьці, трэба спыняць тых, хто гэта робіць. спыняць абгаворы. Усё гэта азначае рабіць дабро. Трэба ўваходзіць у тыя справы, дзе распраўсюджваецца зло, таму што зло распаўсюджваецца там, дзе няма адважных хрысціянаў... Ідзіце ў любові!"

Пасля прамовы Папа памаліўся разам з усімі прысутнымі "Анёл Панскі". Напрыканцы папа Францішак яшчэ раз падзякаваў усім святарам і сёстрам, якія прыбылі ў Рым на спатканне з моладдзю і якія нясуць сваё служэнне, якое патрабуе цярплівасці, сярод моладзі.

Думкі ксяндза Боско

Заўсёды старайся памяншаць колькасць ворагаў, а павялічваць кола сяброў, старайся ўсіх рабіць сябрамі Езуса Хрыста.

Св. Ян Боско