Пятніца, 10 Жнівень 2018 17:14

У вёсцы Мажэйкі адбыўся летнік для юнакоў ProVocatio

Аўтар Дыякан Артур Ляшнеўскі SDB

З 26 ліпеня па 7 жніўня ў вёсцы Мажэйкі Пастаўскага раёна адбыўся летнік для хлопцаў ProVocatio, які традыцыйна накіраваны на духоўны ўзрост юнакоў і дапамагае ў распазнанні жыццёвага паклікання.

 

Сёлета летнік для юнакоў праходзіў пад дэвізам “Леў і Баранак”. Хлопцы ў гэтых двух біблійных сімвалах пазнавалі Езуса з Назарэта і стараліся наблізіць рысы як духоўнага льва, так і баранка да свайго жыцця. У тэматыку паглыбляліся кожны дзень праз канферэнцыі, размовы і разважанні.

Удзельнікі штодзень духоўна насычаліся пад час сустрэчы на Літургіі гадзінаў, ранішняй медытацыі, ружанца, Lectio Divina і штодзённай Адарацыі, якая падсумоўвала дзень. Акрамя гэтага, юнакам было прапанавана шмат гульняў, якія паспрыялі добраму клімату ў летніку і радаснаму настрою ўдзельнікаў.

Адметнасцю сёлетнега летніка былі падарожжы. Удзельнікі наведалі з пілігрымкай браслаўскі санктуарый Маці Божай Каралевы Азёраў, касцёлы ў Відзах, Слабодцы, Дунілавічах, Лучаі, Камаях, Паставах, Мосары, Глыбокім і аграгарадке Удзел. У Мосары хлопцы здзейснілі Крыжовы шлях на гару, дзе ўзвышаецца самы вялікі крыж у Беларусі. Кульмінацыяй вакацыйных падарожжаў была пілігрымка ў Росіцу, дзе хлопцы разам з салезіянамі прынялі ўдзел у росіцкіх урачыстасцях, прысвечаных благаслаўлёным Антонію і Юрыю, марыянам-мучанікам.

Гэты летнік быў цікавы і багаты на падзеі. Удзельнікі на заканчэнне ProVocatio падзякавалі арганізатарам і выказалі надзею сустрэцца зноў у наступным годзе. А мы ўжо сёння запрашаем хлопцаў ва ўзросце 14+ на наступны летнік. Сачыце за інфармацыяй на партале sdb.by, альбо звяртайцеся асабіста да салезіянаў.

 

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Будзце паслухмянымі. Праз гэта мы будзем дастойныя споўніць Божую волю і зробім адзіны крок у верх па лесвіце святасці.

Св. Ян Боско