Серада, 14 Сакавік 2018 23:14

Генеральны Настаяцель: Цуд працягваецца!

Аўтар Кл. Артур Ляшнеўскі SDB (пераклад)

На маім стале я знайшоў ліст, напісаны вялікімі і выразнымі літарамі, а таксама дадатак, які стаў прыгожым неспадзяваннем.

 

Евангелле жывое. Заўсёды. Таксама і нам можа быць дадзена перажыць у нашай штодзённасці якую-небудзь евангелічную старонку. Асабіста я шмат разоў перажываў змест адной з найбольш прыгожых старонак Евангелля: тую, якая апавядае пра Езуса, які пахваліў сціплую ахвяру (нічога не вартую ў вачах людзей) убогай удавы. Жанчына кідае ахвяру ў скарбонку святыні, гэта ўсё, што яна мела, усё, за што магла як-небудзь пражыць. Аднак у Божых вачах гэта ахвяра стала вялікай.

Апошні раз перажыў гэта пасля майго вяртання з насычаных і вельмі плённых дзён Духоўнасці Салезіянскай Сям’і на Вальдокко (Турын), у якіх удзельнічала 367 чалавек, якія належаць да 22 груп (усяго іх 31) – галінак, якія складаюцца ў вялікае дрэва Салезіянскай Сям’і ксяндза Боско.

Вяртаючыся, я знайшоў на маім стале канверт, а ў ім ліст. Адрас адпраўшчыка – маленькі горад у Францыі. Маю надзею, што калі захаваю ананімнасць аўтара гэтага ліста, ён не будзе мець нічога супраць, калі распавяду вам пра змест напісанага, бо ўсё, што з’яўляецца прыгожым і добрым, павінна быць спазнана.

Асоба, якая напісала мне, была ў вельмі старым узросце, яна мела 92 гады, італьянская імігрантка, жонка і маці, якая зусім нядаўна стала ўдавой.

Што адрознівала гэта ліст ад сотняў падобных, якія прыходзяць мне кожны дзень? Незвычайным учыніла яго сама асоба адпраўшчыцы, якая напісала яго вялікімі і выразнымі літарамі, увесь ад рукі. У лісце была таксама ахвяра для ўбогіх з нейкага мейсца салезіянскіх місій у свеце. Таксама і гэта не было яго надзвычайнасцю, бо шмат людзей перадае свае дробныя ахвяраванні для самых убогіх, бо дзякуючы ім можна зрабіць шмат дабра.

Тым, што ўчыніла асаблівым гэты жэст, было тое, што адпраўшчыца ахвяравала. Тут было штосці большае, тое, што па-праўдзе належала ёй і мела вялікую сентыментальную каштоўнасць. Жанчына ахвяравала шлюбныя пярсцёнкі, свой і свайго памерлага мужа, разам з срэбраным начыннем для святой Камуніі, якую заносяць хворым.

Трэба прызнаць, што вельмі мяне гэта расчуліла. Гэты ліст я прачытаў некалькі разоў і вельмі доўга засяроджваўся на гэтых двух пярсцёнках, пакорным і каштоўным знаку любові двух асоб.

Я паабяцаў сам сабе, што асабіста перадам гэта ахвяраванне ў форме грошай адной з нашых найбяднейшых місійных пляцовак. Сродкі будуць накіраваныя на дапамогу патрэбаў і адакуцыю якой-небудзь дзяўчынкі, каб даць ёй больш годную і шчаслівую будучыню. Думаю, што, будучы жанчынай, спадарыня будзе задаволена, калі даведаецца, што сімвалы яе любові ператварыліся ў магчымасць лепшай будучыні для нешчаслівай дзяўчынкі. Перакананы таксама, што ежа, якая будзе куплена за гэтыя грошы, будзе мець больш асаблівую каштоўнасць.

У рэшце рэшт “добрая навіна”

Кожны з нас шакіраваны штодзённымі навінамі, якія датычацца глабальнага асяроддзя людзей. Нас непакоіць факт, што так проста прызвычаемся да смерці: смерці прыроды, знішчанай прамысловымі забруджваннямі, смерці на дарогах, смерцях, вынікаючых з гвалту, смерці ненароджаных, смерці душаў. Як вытрымаць усё гэта? З якой абыякавасцю мы прымаем гэтыя жудасныя даныя, якія апавяшчаюць нам аб смерці мільёнаў галодных людзей, і з якой бясчыннасцю мы падыходзім да ціхага, але плённага і сталага гвалту з боку несправядлівых структур, якія спіхваюць слабых на бок.

Да мяне прыйшла думка, што гэты жэст убогай удавы, аб якім я вам распавёў, да глыбіні людскі і прасякнуты сапраўдным пачуццем да іншых, ці не мог бы стаць добрай навіной? Ціхае і стрыманае пасланне, якое да яго далучана, становіцца сапраўднай, вялікай “добрай навінай”.

Пісменнік Алесандро Д’авэнія апавядае гісторыю пэўнага хлопца, які намаляваў у школе зорнае неба. Гледзячы на малюнак, настаўніца спытала яго з усмешкай: “А зоркі з чаго выкананыя?”. “Са святла”, - ўпэўнена адказаў хлопец, не ведаючы, што кажа. “А чаму?”, - працягвала настаўніца. Тады хлопец глянуў на сваю матулю, шукаючы адказу на пытанне, на якое ніхто не ў стане адказаць. Маці таксама паглядзела на сына, лагодна пытаючы: “Андрэа, чаму?”.

“Таму што зямля поўная цемры”, - адказаў хлопец.

Калі гэты свет поўны людзей, якія жывуць у цемры, то французская ўдава запаліла святло. Я ўпэўнены, што таксама вы, падобна як я, адчуваеце па гэтай прычыне шчасце.

Прывітанне з Усходняга Цімуру

Пішу вам з Усходняга Цімуру, знаходзячыся сярод вельмі простых людзей, якія жывуць вельмі сціпла, але адначасова з’яўляюцца вельмі сардэчнымі і шчодрымі, маюць вялікую веру, хоць церпяць вялікія адрачэнні.

Зусім нядаўна святкавалі мы ўрачыстасць ксяндза Боско. Неўзабаве ў Фатумака буду ўдзельнічаць у спатканні і цэлебрацыі Эўхарыстыі для тысяч людзей, да якіх далучацца таксама члены Асацыяцыі Ушанавальнікаў Марыі Успамогі.

Бачу, што салезіянская харызма не перастае запускаць глыбокія карані ў гэтым добрым, рэлігійным і гасцінным народзе. Гэта таксама наш свет. Гэта таксама навіны, выплываючыя з яго.

Усім вам пераказваю найлепшыя прывітанні і зычэнні Божых ласкаў і благаслаўлення.

Кс. Анхель Фярнандэс Арціме SDB, Генеральны Настаяцель

Крыніца: www.infoans.org

 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

У цяжкасцях і ў змаганні ніколі не забывай, што маем вялікую ўзнагароду прыгатаваную для нас у небе

Св. Ян Боско