Панядзелак, 11 Ліпень 2016 19:10

Агляд візіту Генеральнага Настаяцеля у Беларусь

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз Анхель Фернандэс Арціме SDB наведаў Беларусь. У пятніцу 08.07.2016 г. а дзявятай гадзіне вечара ён прыляцеў у аэрапорт Мінск-2.

Сустрэць Ксяндза Генерала да трапу самалёта прыехалі прадстаўнікі каталіцкага Касцёла Беларусі на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім і рэгіянальным настаяцелям рэлігійнай каталіцкай місіі Святога Францішка Сальскага на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB.

З аэрапорту ксёндз Анхель разам з беларускімі сябрамі адразу накіраваўся ў салезіянскі дом у Бараўлянах. Каля Бараўлянскага араторыя, дзе павінен прыпыніцца ксёндз Генерал, нягледзячы на позні час, сабралася вялікая колькасць дзяцей і моладзі, каб прывітаць і выказаць вялікую радасць з нагоды візіту паслядоўніка Святога Яна Боско ў нашу краіну.

Наступны дзень для ксяндза Анхеля быў насычаны разнастайнымі сустрэчамі. Пасля ранішняй Святой Імшы з усімі сабратамі, адбылася сустрэча з радай дэлегатуры. Радныя і ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB, пазнаёмілі ксяндза Генерала з бягучым становішчам спраў у беларускай салезіянскай сям’і, адзначылі моцныя і слабыя моманты, пахваліліся сваімі дасягненнямі і распавялі пра накірункі ў якіх салезіянская Беларусь прагне развівацца. Пасля гэтага спаткання да радных і ксяндза дэлегата далучыліся ўсе астатнія сабраты, адбылася агульная сустрэча якая мела ўжо больш нефармальны характар.

Сустрэўся ксёндз Анхель таксама і з іерархамі Беларускага Касцёла. Прывітаць галоўнага кіраўніка салезіянскага таварыства прыехалі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі SDB, які дарэчы таксама з’яўляецца прадстаўніком салезіянскага таварыства.

Метрапаліт падзякаваў ксяндзу Генералу за працу духоўных сыноў ксяндза Боско на Беларусі, адзначыў іх важную ролю ў адраджэнні каталіцкіх структур у нашай краіне, падкрэсліў вялікую працу якую яны робяць сёння і выразіў надзею, што і ў будучым салезіянская сям’я на Беларусі будзе развівацца і павялічвацца каб прынесці вялікі плён нашай краіне.

Пасля завяршэння ўсіх сустрэч і супольнага абеду ксяндзу Генералу Была прапанавана культурная праграма і наведвання Парку музею інтэрактыўнай гісторыі Беларусі “Панскі Маёнтак -Сула”.

Раніцай у нядзелю 10 ліпеня кіраўнік Салезіянскага таварыства сустрэўся з прадстаўнікамі салезіянскай сям’і ў Беларусі: сёстрамі салезіянкамі, салезіянамі супрацоўнікамі, аніматарамі, суполкай "Адкрытыя сэрцы". Усе гэтыя людзі імкнуцца сваім жыццём наследваць і пашыраць харызму Святога Яна Боско, таму сустрэцца з яго паслядоўнікам было вялікай радасцю.

А трэцяй гадзіне ў Мінску, у новабудуючымся Касцёле імя Святога Яна Боско ўрачыстай Святой Імшой, якую ўзначаліў Генеральны Настаяцель, распачаўся дзень адзінства салезіянскай сям’і. Ганаровымі гасцямі свята былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Інспектар з Польшчы ксёндз Анджэй Вуек SDB і дэлегат ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

Уступнае слова на пачатак прамовіў шаноўны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён склаў Генеральнаму Настаяцелю падзяку за адданую працу салезіянскай сям’і на ў Беларусі. Арцыбіскуп параўнаў працу салезіянаў з будаўніцтвам касцёла, які закладзены на моцным фундаменце, як і салезіянская сям’я закладзена на фундаменце фармацыі святога Яна Боско. Касцёл мае вялікі мур, як вялікія духоўныя мэты маюць салезіяне, але працы як у будоўлі, так і ў развіцці салезіянскай сям’і на Беларусі яшчэ вельмі шмат.

Падчас казання ксёндз Анхель звярнуў увагу на тое што каб быць міласэрным хрысціянінам не трэба быць кіраўніком салезіянскай сям’і, біскупам ці Папай Рымскім, дастаткова проста быць міласэрным. Менавіта да міласэрнай любові да бліжняга нас заклікае Езус. Таксама ксёндз Анхель адзначыў, што раней мала што ведаў пра Беларусь, і не мог нават уявіць такой прыгажосці прыроды, асабліва ён быў уражаны прыгажосцю беларускіх сэрцаў. Ён падзякаваў за адкрытыя вочы, за ўсмешкі на тварах, за шчырае жаданне жыць паводле Божых прыказанняў.

Пасля завяршэння Святой Імшы і бласлаўлення распачалася святочная праграма, падрыхтаваная моладдзю.

Усім прысутным было прапанавана падзяліцца на чатыры каманды і адправіцца ў імправізаваную вандроўка на самалёце. Праз вясёлыя спевы, бансы і гульні, а таксама з дапамогай вядучых быў раскрыты дэвіз салезіянскай сям’і на бягучы год: “З Езусам, разам перажываем прыгоду Духа Святога”.

Напрыканцы праграмы моладзь паказала сцэнку пра гадзіннік ксяндза Боско, праз якую падкрэслілі, што кожная хвіліна жыцця заснавальніка салезіянскага таварыства білася ў рытм з сэрцам. Ён пражываў свой час у лучнасці з Хрыстом і ўвесь без рэшты аддаваў яго для нас. Ксёндз Анхель Фернандэс Арцімэ з’яўляецца чалавекам, сэрца якога б’ецца ў такт з сэрцам ксяндза Боско. Фінальным акордам сцэнкі стаў падарунак ксяндзу Генералу ад усёй Беларускай салезіянскай сям’і – кішэнны гадзіннік з салезіянскай сімволікай і вялікае плюшавае сэрца.

Калі скончылася праграма з Генеральным Настаяцелям сустрэліся тыя, выхоўваць якіх заклікаў ксёндз Боско, дзеля якіх Ён заснаваў сваю таварыства, а менавіта маладыя людзі. Адбыўся адкрыты дыялог, моладзь задавала пытанні Генеральнаму настаяцелю. Пыталіся пра яго пакліканне, сны і мары і паўсядзённую дзейнасць Генеральнага Настаяцеля.

Візіт Генеральнага Настаяцеля салезіянскага таварыства ў нашу краіну скончыўся. Ксёндз Анхель знаходзіўся ў Беларусі на працягу двух дзён, але якія важныя для салезіянскай Беларусі былі гэтыя дні! Беларуская салезіянская сям’я мела магчымаць дакрануцца да жывой харызмы Яна Боско, зразумець як крочыць па жыцці наследуючы гэту харызму. Сапраўды, гэта быў бласлаўлёны час.

Варта з гонарам адзначыць, што ў нас атрымалася вельмі добра падрыхтаваць сустрэчу, ксёндз Анхель застаўся вельмі задаволены той працай, якую выконваюць салезіяне на нашай зямлі. Ён адзначыў прагажосць салезіянскага паклікання, і што прыгажосць салезіянаў у Беларусі дадае значную фарбу да прыгажосці нашай любай радзімы. Дон Боско нашага часу павёз з сабою нашыя сэрцы, але і ў яго сэрцы ўспамін пра Беларусь заняў значнае месца.

Візіт Генеральнага Настаяцеля навучыў салезіянскую Беларусь марыць, марыць смела, абапіраючыся на падтрымку нашага нябеснага заступніка Святога Яна Боско і яго зямнога паслядоўніка. Беларусь з’яўляецца хоць і невялікай, але вельмі важнай часткай сусветнай салезіянскай сям’і. Спадзяемся, што на сам рэч у хуткім часе ў Беларусі паўстане самастойная візітаторыя, з’явяцца новыя пакліканні, салезіянская сям’я будзе павялічвацца. Цяжка зараз заўважыць і асэнсаваць усе тыя ласкі і даброты, якія мы атрымалі ад гэтай гістарычнай падзеі. Але ўжо відавочна, што візіт Генеральнага Настаяцеля стаў моцным імпульсам для развіцця Беларускай салезіянскай сям’і!

Дарагі Ойча, ксёндз Анхель Фернандес Арцімэ SDB, дзякуй, што завітаў да нас, мы Цябе любім і памятаем у малітве! Viva Don Bosco!

Думкі ксяндза Боско

Святыя прымаюць удзел у Божай моцы і кіруюць з Ім. Такім чынам паказваюць свету, які дабрадзейны шлях да Бога

Св. Ян Боско