Навэнна да св. Юзафа

Уступная малітва на кожны дзень навэнны

О хвалебны святы Юзэфе, прыёмны бацька Пана нашага Езуса Хрыста і найчысцейшы Абраннік Беззаганнай Панны Марыі. Вось я, нягодны твой паслядоўнік, аддаюся тваёй апецы і выбіраю цябе маім асаблівым апекуном, дарадчыкам і заступнікам перад Богам. Выпрасі для мяне ласку добрага жыцця і шчаслівай смерці разам з ласкаю, аб якой сёння прашу цябе асаблівым чынам у гэтай навэнне ... (назваць просьбу).

Малітвы на асобныя дні навэнны

  • Першы дзень

    Магутны патрыярх, як у Старым Запавеце Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў правіцелем у Егіпце, каб ратаваць людзей ад смерці, так і ў Новым Запавеце ты стаў уладаром і гаспадаром тых скарбаў, якія патрэбны нам для вечнага жыцця. Таму з вялікаю пашанаю і даверам мы прагнем звярнуцца да цябе ва ўсіх нашых патрэбах — як зямных, так і духоўных, — упэўненыя, што твой Сын, які заўсёды быў паслухмяны табе на зямлі, выслухае цябе таксама і ў небе.
  • Другі дзень

    Хвалебны святы Юзэфе, Айцец Нябесны не вагаўся, аддаючы табе ў апеку свайго Адзінароднага Сына. Ты прыняў Яго з любоўю, ты карміў, песціў і даглядаў Яго з бацькоўскім клопатам. Мы тулімся да цябе з дзіцячым даверам і просім, каб ты пабацькоўску выслухаў нашыя просьбы, якія мы да цябе ўзносім, і захаваў нас ад усялякага зла.
  • Трэці дзень

    Святы Юзэфе, крыніца тваёй выключнай годнасці, цнатлівасці і хвалы — у Хрысце, побач з якім ты знаходзіўся кожны дзень, з якім ты размаўляў і працаваў. Дапамажы нам, святы наш апякуне, каб мы таксама штодня маглі размаўляць, працаваць з Хрыстом і ў бляску Ягонай прысутнасці асвячаць сябе і ўсе нашыя справы.
  • Чацвёрты дзень

    Святы Юзэфе, пад тваёю апекаю рос хлеб жыцця, дадзены нам з неба. Ты гадаваў яго з зярняці, каб ён сабою накарміў людзей. Выпрасі нам ласку адчування эўхарыстычнага голаду, каб святая Камунія стала для нас крыніцаю спакою і задаткам хвалебнага ўваскрашэння.
  • Пяты дзень

    Магутны наш апякуне, зло з вялікаю сілаю ўваходзіць у нашае жыццё, выклікаючы неспакой у сумленні і ваўсім хрысціянскім жыцці. Як часовыя рэчы, так і нападкі шатана не перастаюць нас спакушаць. Падтрымлівай нас магутнаю апекаю, каб мы, натхнёныя тваёю дапамогаю, маглі жыць пабожна, памерці ў святасці і дасягнуць вечнага жыцця.
  • Шосты дзень

    Галава Святой Сям’і, ты разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і Збаўцам даеш нам самы дасканалы прыклад сямейнага жыцця і ўсіх бацькоўскіх цнотаў. Выпрасі для нашых сем’яў ласку, каб мы маглі ўглядацца ў тваю назарэтанскую Сям’ю і вучыцца сямейнаму жыццю ў спакоі і шчасці.
  • Сёмы дзень

    Святы Юзэфе, Касцёл ушаноўвае цябе як свайго апекуна, заступніка і абаронцу, справядліва разлічваючы на тваю магутную дапамогу, таму што ты як апякун, бацька і карміцель Хрыста на зямлі, надалей застаешся апекуном Яго Містычнага цела — гэта значыць Касцёла. Таму выпрасі ўсім вернікам ласку вернасці Хрысту, Яго крыжу і Евангеллю.
  • Восьмы дзень

    Святы Юзэфе, магутны наш апякуне! Калісьці Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў прычынаю благаслаўлення для спакутаванага Егіпта і суседніх краінаў. Просім цябе, каб твая прысутнасць, якая спрадвеку ўшаноўваецца ў нашым краі, у цяжкія дні прынесла плён Божага благаслаўлення для нас і нашых суседзяў.
  • Дзявяты дзень

    Святы Юзэфе, апякуне добрай смерці, у апошнія хвіліны жыцця побач з табою былі Збаўца і твая Найсвяцейшая Абранніца. Выпрасі нам такую ласку, каб мы маглі адысці з гэтага свету ў прысутнасці Езуса і яго Беззаганнай Маці.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Літанія да св. Юзафа »