О святы Яне Боска, ты меў сэрца вялікае, як бяскрайняе мора, і палаў непахіснаю вераю ў Божы Провід. Не было чалавека, міма якога ты раўнадушна прайшоў бы, не дапамог бы і не суцешыў. Выслухай маю малітву і сваім магутным заступніцтвам выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў ласку, аб якой цябе так горача прашу (назваць інтэнцыю).
О святы Яне Боска, ратуй мяне ў цяжкасцях, каб мая душа з яшчэ большым запалам крочыла па шляху збаўлення. А я з пачуццём удзячнасці буду працаваць па меры сваіх сілаў на карысць дабра душаў і дзеля падтрымкі тваёй справы, маючы нязломную надзею, што калісьці, ужо ў супольнасці збаўленых, змагу аддзячыць табе за атрыманыя ласкі. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Святы Яне Боска, маліся за нас.
* * *
О святы Яне Боска! Ты бачыш, як шмат зла нас прыгнятае і засмучае. Сённяшні дзень поўны неспакою, яшчэ больш няпэўнае заўтра, а цярпенне стала нашым штодзённым спадарожнікам. Няхай жа ўзрушаць тваё сэрца нашыя людскія няшчасці. Ты ж таксама спазнаў гора, беднасць, адзіноту, здзекі і пераследаванні; дзякуючы гэтаму жыццёваму досведу ты ўмеў перамяняць боль у радасць і несці яе ўсім, хто да цябе звяртаўся.
Цяпер жа, прабываючы ў небе, у непасрэднай блізкасці да вечнай Крыніцы любові, безумоўна, ты яшчэ мацней перажываеш нашыя нягоды. Таму я з вялікім даверам звяртаюся да цябе і прашу аб ласцы, якая мне так неабходна (назваць інтэнцыю).
О вялікі святы, Бог ні ў чым табе не адмаўляе, бо падчас свайго зямнога жыцця ты з вялікаю ахвярнасцю працаваў дзеля Яго хвалы і ўшанавання. Заступіся за мяне, выпрасі для мяне патрэбную ласку, калі гэта будзе карысна для мяне і згодна з Божай воляй. Выпрасі для мяне вытрымку ў добрым, каб калісьці і я мог разам з табою праслаўляць Найвышэйшага Пана і дзякаваць Яму ў небе. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Святы Яне Боска, маліся за нас.
* * *
Святы Яне Боска, звяртаюся да цябе з асаблівым даверам, бо знаходжуся ў выключнай патрэбе. Ведаю, што без Божай ласкі я не змагу супрацьстаяць грахам і не збочыць са шляху высакароднага жыцця аж да смерці. У гэтыя хвіліны я таксама знаходжуся ў вельмі цяжкай сітуацыі і хачу прасіць цябе ўсім сваім сэрцам аб ... (назваць просьбу).
Пры жыцці ты вельмі моцна ўшаноўваў Найсвяцейшы Сакрамэнт і Марыю Успамогу Хрысціянаў, а таксама ўмеў спачуваць чалавечаму гору. Выпрасі для мяне ў Езуса і ў сваёй нябеснай Маці тую ласку, аб якой цябе прашу.
Аднак не мая, але Божая воля няхай станецца. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Святы Яне Боска, маліся за нас.