Малітва да св. Марыі Даменікі Мадзарэлла

Святая Марыя Даменіка, паслухмяная волі Божай і адкрытая сэрцам на патрэбы іншых, усё сваё жыццё ты служыла Богу ахвярнаю працаю і глыбокаю малітваю. З натхнення жыватворнага Духа ты разам са святым Янам Боска заснавала манаскую кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. З’яўляючыся настаяцельніцаю новай супольнасці, ты несла радаснае пасланне аб  збаўленні беднай і пакінутай моладзі, ахвярна служачы ёй аж да апошняга ўздыху.

О Марыя Даменіка, ты не аднойчы скаштавала ў жыцці горыч цярпення, хваробы і пакінутасці, але заўсёды і ўсюды мела вялікі давер да Бога і Маці Божай. Праз тваё святое заступніцтва з даверам прашу цябе, ахіні маё жыццё сваёй апекаю і моцнаю малітваю перад абліччам Божай усемагутнасці.

Навучы мяне так, як і ты, з пакораю прымаць святую волю Пана і з нязгасным запалам працаваць дзеля Яго хвалы. Дапамажы, каб я шукаў толькі таго, чаго Ён ад мяне прагне, і ішоў туды, куды Пан накіроўвае мае крокі. Заступіся за мяне, калі мая душа будзе прыгнечаная цяжарам грахоў і спакусаў, каб я ніколі не губляў святой радасці і супакою сэрца. Дапамажы мне  распаліць у сваёй душы нязгасную любоў да Хрыста, каб я, свядома і з вераю прымаючы Яго Цела, нёс свайму атачэнню пасланне пераможнай любові Езуса да людзей. Будзь для мяне падтрымкаю і натхненнем, каб я, углядаючыся ў прыклад твайго зямнога жыцця і радуючыся твайму заступніцтву, змог атрымаць узнагароду вечнага шчасця ў небе. Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Навэнна да св. Марыі Даменікі Мадзарэлла