Навэнна да св. Марыі Даменікі Мадзарэлла

  • Першы дзень

    Божа, праз святую Марыю Даменіку Мадзарэлла, якая безупынна жыла ў Тваёй прысутнасці, Ты даў нам узор дасканалага адзінства малітоўнага жыцця і працы. Учыні, просім, каб па яе прыкладзе ў нас узрастала ўпэўненасць у тым, што праз кожны ўчынак, здзейснены ў еднасці з Табою, мы заслугоўваем вечнае жыццё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Другі дзень

    Божа, Ты ўзмацніў нашу веру праз дар Эўхарыстыі, што змяняе нашыя сэрцы. Учыні, просім, каб мы па прыкладзе святой Марыі Даменікі Мадзарэлла, якая з вялікаю любоўю праслаўляла Езуса, укрытага ў постаці хлеба, умелі аддана служыць Богу, прысутнаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Трэці дзень

    Божа, Ты распаліў сэрца святой Марыі Даменікі Мадзарэлла полымем гарачай любові да Найсвяцейшай Маці. Учыні, просім, каб мы па яе прыкладзе жылі сапраўднай любоўю да Той, якая заўсёды вядзе нас да Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    Божа, Ты ўзбагаціў святую Марыю Даменіку Мадзарэлла гарачым апостальскім духам. Учыні, просім, каб мы падобна да яе былі сапраўднымі апосталамі Божай любові, дабрыні і супакою. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Пяты дзень

    Божа, Ты ўчыніў так, што сэрца святой Марыі Даменікі Мадзарэлла палала жаданнем распаўсюджваць Евангелле ў місійных краінах. Учыні, просім, каб мы ў сваім жыцці абвяшчалі і неслі бліжнім усё тое, што вядзе да Цябе і робіць высакароднымі людскія душы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Шосты дзень

    Божа, з Тваёй ласкі святая Марыя Даменіка Мадзарэлла была чуйная да знакаў свайго часу. Учыні, каб і мы, удзельнічаючы ў розных сферах сучаснага жыцця, фармавалі яго ў духу праўды і любові. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Сёмы дзень

    Божа, дзякуючы Тваёй моцы святая Марыя Даменіка Мадзарэлла адважна вызнавала сваю веру, не зважаючы на людскія меркаванні. Просім Цябе, каб па яе прыкладзе мы сталі бясстрашнымі сведкамі Езуса Хрыста. Які з Табой жыве і валадарыць, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.
  • Восьмы дзень

    Божа, Ты ўвянчаў каронаю святых Марыю Даменіку Мадзарэлла за яе незвычайную руплівасць у служэнні Табе, працавітасць і цярплівае нясенне свайго жыццёвага крыжа. Учыні, просім, каб мы, наследуючы яе, штораз лепш практыкавалі яе цноты. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    Божа, Ты выбраў святую Марыю Даменіку Мадзарэлла за апякунку простых людзей. Учыні, просім, каб нашыя адносіны да іншых былі шчырымі і добрымі, напоўненымі вераю і Тваім благаслаўленнем. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:

Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

С.: Маліся за нас, святая Марыя Даменіка,

Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, крыніца ўсялякага дабра, Ты ў глыбокай пакоры святой Марыі Даменікі Мадзарэлла паказваеш нам яркі прыклад хрысціянскага і манаскага жыцця. Учыні, каб і мы ў прастаце духу былі кожны дзень свед камі Тваёй айцоўскай любові. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Малітва да св. Марыі Даменікі Мадзарэлла »