Малітва да св. Францішка Сальскага

Святы Францішак Сальскі, біскуп і доктар Касцёла. Бог у сваім Провідзе паклікаў цябе, каб ты служыў Яго народу ў духу евангельскіх благаслаўленняў. Адмовіўшыся ад багацця і задавальненняў гэтага свету, ты цалкам аддаўся місіі збаўлення душ. Пераканаўчымі словамі і шчыраю лагоднасцю ты прыводзіў людзей да Пана Езуса і вучыў іх, што толькі ў Сэрцы нашага  Збаўцы яны знойдуць супакой і ўміласціўленне.

Вось я стаю перад табою і пакорна прашу аб ласках, якія мне так патрэбны для таго, каб стаць святым і збавіць сваю душу. Выпрасі для мяне ў Бога дар моцнай веры, каб я так, як і ты, жыў у святле Божых праўдаў і бараніў Касцёл у час выпрабаванняў, памылковых ідэй і пераследаванняў. Навучы мяне працаваць над сваімі недахопамі і слабасцямі, каб я, удасканальваючыся пры жыцці, калісьці сустрэўся з табою і іншымі святымі ў небе. Прашу цябе аб дары бязмежнай любові да майго Збаўцы. Учыні, каб маё жыццё стала хвалебным гімнам на праслаўленне Спрадвечнага Бога. Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Літанія да св. Францішка Сальскага