Літанія да св. Францішка Сальскага

(Для прыватнага чытання)

Кірые, элейсон,
     Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
     Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
     — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, Духу Святы, Божа, Святая Тройца, адзіны Божа,
    — змілуйся над намі.
Святая Марыя, — маліся за нас.
Святы Францішак Сальскі, які асабліва палюбіў Марыю і каля падножжа Яе алтара знайшоў супакой і надзею,
Святы Францішак, які моцна дбаў пра ўшанаванне Маці Божай,
Святы Францішак, які дзякуючы разважлівасці ўтаймаваў сваю нецярплівасць і гняўлівасць,
Святы Францішак, які нягледзячы на шматлікія знявагі заўсёды захоўваў спакой, поўны лагоднасці і дабрыні,
Святы Францішак, які непахісна, настойліва і да канца кіраваўся толькі лагоднасцю,
Святы Францішак, які ўсё цярпліва зносіў і зза якога ніхто ніколі не цярпеў,
Святы Францішак, які сваім ціхім і пакорным сэрцам быў найцясней з’яднаны з Богам,
Святы Францішак, які ў адносінах з людзьмі сваёю дабрынёю і павагаю прыпадабняўся да Хрыста,
Святы Францішак, умеркаваны ў радасці, мужны ў цяжкасцях, разважлівы ў паспешнасці,
Святы Францішак, непахісны ў цярплівасці, заўсёды ўраўнаважаны ў гармоніі духу і спакоі сэрца,
Святы Францішак, які пастанавіў нічога не жадаць, ні аб чымне прасіць і ні ў чым не адмаўляць,
Святы Францішак, які ва ўсім бачыў волю Бога і Яго міласэрны Провід,
Святы Францішак, які нястомна палаў агнём любові,
Святы Францішак, які абраў сабе дэвіз — «Любіць альбо памерці», бо без любові для цябе жыццё было б цяжэйшае за смерць,
Святы Францішак, які ні ў чым не мог знайсці наталення — толькі ў Богу і Яго святой волі,
Святы Францішак, у якога кожны ўздых быў напоўнены любоўю да Бога,
Святы Францішак, які сярод шматлікіх знешніх заняткаў заўсёды захоўваў поўную любові, пашаны і даверу памяць пра Божую прысутнасць,
Святы Францішак, які палаў незвычайнай любоўю да Найсвяцейшага Сакрамэнту,
Святы Францішак, які прабыванне Хрыста Пана на алтарах называў небам на зямлі,
Святы Францішак, жыццё якога было няспыннаю малітваю,
Святы Францішак, які ў разнастайных творах пакінуў святому Касцёлу скарбніцу мудрых парадаў, што чыстым розумам прыносяць скарбы пабожнасці,
Святы Францішак, які любіў бліжніх,
Святы Францішак, які ва ўсіх людзях бачыў Брата — Хрыста,
Святы Францішак, які з найчулейшаю любоўю прытуляў грэшнікаў,
Святы Францішак, добры пастыр, які сярод пераследаванняў, рызыкуючы жыццём, шукаў згубленых авечак,
Святы Францішак, які плакаў над ерэтычнай Жэневай, як Хрыстус — над Ерузалемам,
Святы Францішак, які моцаю сваёй любові здабыў для Касцёла больш за семдзесят тысяч інаверцаў,
Святы Францішак, заснавальнік Ордэну Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі,
Святы Францішак, найлепшы кіраўнік душ, якія імкнуцца да Бога,
Святы Францішак, які ў любові жыў і ў любові адышоў з гэтага свету,

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     — змілуйся над намі.

С.: Вось Я сам буду шукаць авечак Маіх і пастаўлю над імі пастыра,
Н.: Які будзе іх пасвіць. Я, Пан, буду іх Богам (пар. Эзх 34, 11. 23–24).
Молімся: Божа, па Тваёй волі святы Францішак Сальскі дзеля збаўлення душ стаў усім для ўсіх. Учыні, каб мы па яго прыкладзе служылі бліжнім і дапамагалі ім адчуць Тваю айцоўскую дабрыню. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.