Навэнна да св. Францішка Сальскага

  • Першы дзень

    Святы Францішак Сальскі, ты адмовіўся ад багацця і арыстакратычных прывілеяў, каб цалкам прысвяціць сябе служэнню ўсемагутнаму Богу. Тваім адзіным набыткам сталі Божая воля і гарачая любоў да бліжніх, якою ты шчодра дзяліўся з усімі людзьмі. Навучы нас таксама не прывязвацца да матэрыяльных рэчаў і тытулаў, а з вялікаю руплівасцю шукаць толькі хвалы нашага Боскага Настаўніка і Айца, каб падмуркам нашага жыцця былі не грошы і ўлада, а непахісны давер да Божай волі. Амэн.
  • Другі дзень

    Святы апостал Божага Сэрца, ты сказаў, што любоў сярод цнотаў падобная на сонца сярод зорак. Спазнаўшы таямніцы Хрыстовага Сэрца, ты толькі ў Ім пажадаў прабываць, абвяшчаючы ў свеце любоў Бога да людзей. Пакорна просім цябе, каб праз тваё святое заступніцтва мы таксама змаглі ўсвядоміць Божую любоў да нас, адказвалі на яе ўзаемнасцю іабвяшчалі яе ў нашым асяроддзі. Амэн.
  • Трэці дзень

    Святы Францішак, найбольшую асалоду ў жыцці ты атрымліваў ад сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі, а касцёльныя алтары называў небам на зямлі. Ты навучаў, што адна добра прынятая святая Камунія здольная зрабіць нас святымі і дасканалымі. Праз свае святыя малітвы выпрасі нам у Бога дар веры ў прысутнасць Езуса ў эўхарыстычным Хлебе, каб мы часта і з вялікаю пашанаю прымалі Яго Цела і праслаўлялі Яго прысутнасць у табэрнакулюмах нашых святыняў. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    О святы настаўнік душ людскіх, нягледзячы на цярпенне і жыццёвыя выпрабаванні, тваё аблічча заўсёды ззяла шчыраю і лагоднаю ўсмешкаю. Ты адорваў усіх пяшчотаю і дабрынёю, а сумуючым і расчараваным казаў, што радасць адкрывае сэрцы на Божыя ласкі і на любоў, а смутак закрывае іх. Просім цябе, аддалі ад нас смутак і роспач і навучы прымаць цярпенні з усмешкаю, каб мы, падсілкаваныя радасцю сустрэчы з Хрыстом, неслі яе ў нашы сем’і, школы, на працу і ўсюды,куды Бог нас пакліча. Амэн.
  • Пяты дзень

    О найчысцейшы сябра Марыі, у маладосці перад алтаром Маці Божай ты атрымаў сапраўднае навяртанне і супакой сэрца, а Найсвяцейшую Панну абраў сабе за Апякунку і Настаўніцу. Просім цябе, навучы нас сапраўднаму ўшанаванню Багародзіцы, якое грунтуецца на даверы і сыноўняй любові да Маці Хрыста. Дапамажы, каб мы заўсёды і ўсюды шукалі паратунку і супакою ў Яе Беззаганным Сэрцы. Амэн.
  • Шосты дзень

    О ласкавы доктар чалавечых сэрцаў, працуючы над сваім запальчывым характарам і бязмежна давяраючы Найвышэйшаму Настаўніку, ты навучыўся быць лагодным і добразычлівым, а стаўшы пастырам Касцёла, прыцягваў сваёй дабрынёю вялікую колькасць душ да Бога, кажучы, што болей мух злятаецца на кроплю мёду, чым на бочку воцату. Просім цябе з пакораю, каб праз тваё заступніцтва мы няспынна і цярпліва працавалі над сваімі недахопамі і заўсёды былі для нашых бліжніх незгасальнымі светачамі дабрыні і лагоднасці; каб зякуючы гэтым цнотам мы змаглі здабыць для Бога як мага больш сяброў. Амэн.
  • Сёмы дзень

    О святы абаронца веры, ты з вялікаю руплівасцю распаўсюджваў вучэнне Каталіцкага Касцёла ў той час, калі ў Еўропе моцна пашырыліся ерасі. Не шкадуючы ўласных сілаў, ты абвяшчаў Евангелле і заклікаў адступнікаў да еднасці з Апостальскай Сталіцай. Выпрасі для нас у Бога дар чысціні веры і непахіснага захавання Божых праўдаў, абвешчаных Маці Касцёлам. Учыні, каб мы, распаленыя любоўю да Бога, нястомна маліліся аб еднасці ўсіх хрысціянаў і самі спрычыніліся да яе будавання ў нашым асяроддзі. Амэн.
  • Восьмы дзень

    О цярплівы вучань Езуса, ты вучыў, што без пакоры не было б Бога, які стаў чалавекам, ані чалавека, які спадабаўся б Богу. Просім цябе, каб сапраўдная, а не фальшывая пакора стала для нас штодзённым хлебам, а цярплівасць — паходняю, якая дапаможа нам знайсці выйсце з цемры нялёгкіх сітуацый і выпрабаванняў. Дапамажы нам ачысціць нашае жыццё ад пыхі і эгаізму, каб заўсёды і ўсюды мы наследавалі пакорнае і цярплівае Сэрца нашага Збаўцы. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    О святы пастыр Хрыстовай аўчарні, ты прысвяціў усё сваё жыццё ратаванню людскіх душ, навяртаючы грэшнікаў, распальваючы сэрцы абыякавых і навучаючы несвядомых у веры. Кожны твой чын і слова былі прасякнуты шчырай любоўю, якую ты чэрпаў з Сэрца Добрага Пастыра. Просім цябе, распалі ў нашых сэрцах гарачае імкненне працаваць дзеля большай хвалы Божай і для збаўлення душ, каб мы свядома і ахвотна ўдзельнічалі ў пастырскай місіі Каталіцкага Касцёла ў свеце. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:

Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

С.: Маліся за нас, святы Францішак Сальскі,

Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, па Тваёй волі святы Францішак Сальскі стаў руплівым прапаведнікам і абаронцам веры. Учыні, каб мы, напоўненыя любоўю да Цябе, кіруючыся яго парадамі і карыстаючыся яго заслугамі, атрымалі вечнае жыццё ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Літанія да св. Францішка Сальскага »