Першы дзень
О святы Дамінік Савіо, у запале эўхарыстычнай любові ты настолькі моцна адчуваў асалоду сапраўднай прысутнасці Бога, што ўзносіўся да Яго ў захапленні. Выпрасі і нам такую ж веру і любоў да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, каб і мы маглі горача ўшаноўваць Яго і годна прымаць у святой Камуніі. Амэн.Другі дзень
О святы Дамінік Савіо, ты практыкаваў шчырае набажэнства да Беззаганнай Дзевы, назаўсёды прысвяціў Ёй сваё нявіннае сэрца і з сыноўняю любоўю распаўсюджваў Яе хвалу! Учыні, каб і мы, любячы Яе па дзіцячы, заслужылі Яе дапамогу ў жыццёвых змаганнях і ў хвіліну нашай смерці. Амэн.Трэці дзень
О святы Дамінік Савіо, ты прыняў гераічную пастанову «лепш памерці, чым саграшыць», і захаваў сваю непарушную анёльскую чысціню. Выпрасі і нам ласку наследаваць цябе ў пазбяганні дрэнных забаваў і грэшных нагодаў, каб мы маглі развіваць у сабе гэтую прыгожую цноту чыстасці. Амэн.Чацвёрты дзень
О святы Дамінік Савіо, дзеля хвалы Божай і дабра душ, не зважаючы на людскія меркаванні, ты стаў палкім апосталам у барацьбе з лаянкаю і ўсялякаю абразаю Бога. Учыні, каб і мы, не зважаючы на людскія суджэнні, выконвалі Божыя запаведзі і касцёльныя наказы. Амэн.Пяты дзень
О святы Дамінік Савіо, ты разумеў, як важна ўтаймоўваць сябе ў хрысціянскім духу і стойка загартоўваў у ім сваю волю. Дапамажы і нам перамагаць дрэнныя схільнасці і з любові да Бога пераносіць выпрабаванні і перашкоды, з якімі мы сустракаемся ў жыцці. Амэн.Шосты дзень
О святы Дамінік Савіо, праз пакорлівую паслухмянасць бацькам ты стаў прыкладам дасканаласці, якая вынікала з хрысціянскага выхавання. Учыні, каб і мы супрацоўнічалі з Божаю ласкаю і пакорна выконвалі наказы Каталіцкага Касцёла. Амэн.Сёмы дзень
О святы Дамінік Савіо, ты не абмяжоўваўся апостальствам сярод сяброў, ты жадаў вяртання ва ўлонне праўдзівага Касцёла сваіх братоў, якія адышлі і заблукалі. Выпрасі і для нас місійны дух, каб мы маглі стаць апосталамі для нашага найбліжэйшага атачэння і для ўсяго свету. Амэн.Восьмы дзень
О святы Дамінік Савіо, з гераічнаю ахвярнасцю ты выконваў усе свае абавязкі і стаў прыкладам нястомнай працавітасці, асвечанай малітваю. Выпрасі і для нас ласку жыць і выконваць свае абавязкі па-хрысціянску. Амэн.Дзявяты дзень
О святы Дамінік Савіо, у школе ксяндза Яна Боска ты прыняў важнае рашэнне: «Я павінен стаць святым», і ў юнацкім узросце дасягнуў паўнаты святасці. Выпрасі і для нас вытрываласць у выкананні сваіх пастановаў, каб мы, зрабіўшы сваю душу жывою святыняю Духа Святога, заслужылі вечнае шчасце ў небе. Амэн.
Кожны дзень навэнны молімся:
Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
С.: Маліся за нас, святы Дамінік Савіо.
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Святы Дамінік Савіо, у школе святога Яна Боска ты навучыўся хадзіць сцежкамі юнацкай святасці, дапамагай і нам наследаваць тваю любоў да Езуса, набажэнства да Найсвяцейшай Маці, клопат пра збаўленне душ і ўчыні, каб мы па тваім прыкладзе больш баяліся граху, чым смерці, і так дасягнулі вечнага збаўлення.
Н.: Амэн.